Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што думаюць на Гомельскім тлушчкамбінаце пра магчымую прыватызацыю?


Радыё Свабода Беларускі ўрад аб’явіў пра гатовасьць прыватызацыі буйных прадпрыемстваў краіны. Па словах прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, адбыцца гэта можа ў любы момант. Але прадаваць дзяржаўную долю ўласнасьці ўрад зьбіраецца “не за капейкі”, а за рэальны кошт.

У ліку магчымых кандыдатаў на чарговую, другую ў гісторыі незалежнай Беларусі прыватызацыю значыцца й Гомельскі тлушчакамбінат, які выпускае маянэз, алей, маргарын, усемагчымае мыла ды іншыя тавары. Прадпрыемства даўно набыло статус акцыянэрнага таварыста, аднак дзяржава мае ў ім усе сто адсоткаў акцый.

Як ставяцца рабочыя й спэцыялісты камбінату да абвешчанай новай прыватызацыі?

Рабочы: “Мы раней зьбіраліся яго прыватызаваць, але дзяржава забрала. Нам галоўнае, каб камбінат працаваў, каб нам была праца. Калі выгадна інвэстара прыцягнуць, калі ласка, мы ж ня супраць. Людзям трэба, каб працоўныя месцы былі захаваны. А каму камбінат будзе належаць, няма вялікай розьніцы. Галоўнае, каб мы былі працай забясьпечаны”.

Рабочы: “Мы цяпер прыватызатары, мы маем чэкі “Маёмасьць”. І што? Ніякіх працэнтаў на гэтыя чэкі мы не атрымліваем. Ня холадна й ня горача. Мне гэтая прыватызацыя пакуль нічога не дала. Я думаю, што нічога й ня зьменіцца”.

Спэцыялістка: “Пустое слова!”

Спэцыяліст: “Прыцягненьне замежнага інвэстара, які гатовы ўкласьці сродкі ў нашае прадпрыемаства, мы лічым выгадным. Гэта вырашыць шэраг праблемаў ня толькі вытворчых, але й сацыяльных”.

Рабочая: “Калі на карысьць прадпрыемству, гэта абавязкова трэба рабіць”.

Рабочы: “Галоўнае, каб камбінат працаваў, каб быў заробак – вось і ўсё. І пажадана, каб быў наш дырэктар Якімік. Мы былі на мяжы банкруцтва. За пяць гадоў ён падняў камбінат”.

Спэцыялістка: “Калі будуць у нас замежныя інвэстары, будзе лепей. Мы б выйгралі ў заробках. Гэта яўна! Галоўнае, каб укладвалі грошы ў мадэрнізацыю вытворчасьці. Мы б і самі купілі акцыі. Калі будзе прыбытак, то й дывідэнды будуць добрыя”.

Рабочая: “Трэба, каб стабільная праца была, як раней – у тры зьмены”.

Рабочы: “Я праціўнік прыватызацыі. Вопыт палякаў, у мяне ёсьць там сваякі, паказвае, што праблем не зьмяншаецца. Увогуле, цяжка сказаць – угадаеш альбо прагадаеш. Можа, і прыватнае прадпрыемства добра, а можа, і дзяржаўнае ня горш”.
XS
SM
MD
LG