Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыі беларускіх палітыкаў на справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША


Альгерд Невяроўскі, Менск Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў чарговую гадавую справаздачу аб выкананьні правоў чалавека ў сьвеце. Адзін з разьдзелаў гэтай справаздачы прысьвечаны Беларусі. Гэты дакумэнт камэнтуюць прадстаўнікі беларускай улады і апазыцыі.

У справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту адзначаецца, што мінулагоднія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. Улады разганялі мірныя шэсьці і арыштоўвалі іх удзельнікаў. Падчас затрыманьняў і ў зьняволеньні апазыцыянэраў катавалі, а вынікі судовых разьбіральніцтваў былі прадвызначаныя. Улады ўмешваліся ў прыватнае жыцьцё людзей, праслухоўвалі тэлефонныя размовы і кантралявалі перапіску апазыцыйных актывістаў у інтэрнэце. У Беларусі ў 2006 годзе абмяжоўваліся грамадзянскія свабоды і дыскрымінавалася беларуская мова.

Улады адкідаюць гэтыя абвінавачваньні. Гаворыць дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

“Няхай яны разгледзяць, як парушаюцца правы ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Гэта, як кажуць: “Злодзей крычыць: “Трымай злодзея”. Самая парушаючая правы чалавека краіна – гэта ЗША. Як яны зьдзекваюцца зь людзей у Іраку, у Аўганістане і ва ўсім сьвеце”.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што беларускія ўлады ня змогуць не адрэагаваць на гэтую справаздачу:

“Мы лічым, што тыя закіды і абвінавачваньні ў парушэньні асноўных правоў чалавека ў Беларусі, у адсутнасьці палітычнага плюралізму, якія ёсьць у дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША, маюць поўную падставу. Гэта дастаткова сур’ёзны дакумэнт, на які беларускія ўлады ня могуць заплюшчыць вочы, не заўважыць яго. Беларускія праваабаронцы маюць сотні, тысячы фактаў, якія пацьвярджаюць высновы, зробленыя ў гэтым дакладзе”.

А кіраўнік арганізацыі “Праваабарончая ініцыятыва” акадэмік Аляксандар Вайтовіч, наадварот, лічыць, што ўлады не адрэагуюць на крытыку ЗША:

“Сытуацыя ў Беларусі адзначана слушна, факталёгія слушная, усё мае месца. Але я лічу, што для беларускіх уладаў ніякіх наступстваў ня будзе. Думаю, нічога ня зьменіцца, ніхто не прыслухаецца, і ўсё будзе працягвацца так, як ёсьць”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч таксама не спадзяецца, што ўлады адрэагуюць на справаздачу Дзярждэпартамэнту:

“Звычайна гэты дакумэнт робіцца зь вялікай адказнасьцю на падставе дадзеных, якія дае амбасада. І я лічу, што ўсё адпавядае рэчаіснасьці. І пара б ужо дачакацца, каб улады рэагавалі на гэта. Але мне здаецца, што калі яны будуць на гэта рэагаваць, то ім прыйдзе вельмі хуткі канец. Таму яны наўрад ці будуць рэагаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG