Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У сям’і галоўная – жанчына, а мужчына павінен зарабляць грошы...”


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць 8 сакавіка ў Беларусі адзначаецца як Дзень жанчын. Ён быў заснаваны на пачатку ХХ стагодзьдзя, як дзень абароны жаночых правоў і барацьбы з дыскрымінацыяй. А ці існуе сёньня ў Беларусі дыскрымінацыя жанчын? Гэтае пытаньне людзям у вёсцы Верцялішкі Гарадзенскага раёна задаваў наш карэспандэнт.

Спадар: “Канечне, сёньня правы мужчын і жанчын у нас роўныя. Хто нават мае права казаць і нават падумаць, што ёсьць інакш? І ў хаце, і за хатаю, і на працы, і пасьля працы – паўсюль раўнапраўе. Нідзе й ніхто жачыну ні ў чым не дыскрымінуе”.

Другі спадар: “Правільна, так ёсьць і павінна быць. Я цалкам з гэтым згодзен”.

Спадарыня: “Ой, якое нечаканае пытаньне...”.

Спадар: “Дыскрымінацыі няма й нават прымаюць закон, каб такога не было”.

Карэспандэнт: “А што на гэты конт скажа жанчына?”

Спадарыня: “У прынцыпе, я згодна, урэшце нас пакуль тут не душаць. Больш менш адносна...”

Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, а ў вашай сям’і жанчына не дыскрымінуецца?”

Спадарыня: “Хай толькі паспрабуюць, у сям’і я гаспадыня”.

Спадар: “Думаю, што правы ў нас роўныя. У нас цяпер жанчыны, дзе хочаш: і ў міністэрстве, і на значных пасадах. Так што, думаю, што ніхто іх не дыскрымінуе”.

Спадарыня: “Думаю, што ўсё залежыць ад самой жанчыны, а правы ў нас роўныя”.

Спадарыня: “Я лічу, што ў нас у краіне раўнапраўе. Дарэчы, учора мы чулі па тэлебачаньню, як казаў прэзыдэнт, што цяпер і мужчыны могуць ісьці ў дэкрэтны адпачынак нараўне з жанчынамі...”.

Спадарыня: “Я таксама лічу, што ў краіне раўнапраўе. У сваёй сям’і – галоўная я, паколькі ў мяне вышэйшы заробак, атрымліваю ў школе настаўніцай 300 тысячаў. Муж працуе ў СПК, таму заробак зусім нізкі – 160 тысяч. Вось у чым яно раўнапраўе. Таму хацела б зьвярнуцца да прэзыдэнта, каб ён даў нашым мужчынам большы заробак і магчымасьць недзе яшчэ падзарабіць”.

Дзяўчына: “Мне здаецца, у нас раўнапраўе. Мае правы яшчэ нідзе не дыскрымінавалі. Хіба што, калі ўладкоўваешся на працу, то ўсё ж дыскрымінацыю адчуваеш па прыналежнасьці да полу”.

Спадар: “Больш правоў у жанчыны, бо яны фінансы трымаюць...”.

Спадарыня: “Нармальна мы жывём: нараўне з мужчынамі на працы й з галасамі нашымі лічацца”.

Карэспандэнт: “А ў сям’і чый голас больш важкі – ваш ці мужчыны?”

Спадарыня: “У сям’і галоўны голас мой, паколькі сям’я заўсёды болей ляжыць на жаночых плячах. Мужчына павінен зарабляць грошы...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG