Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Кангрэс дэмсілаў прапануюць правесьці ў сярэдзіне красавіка


Уладзімер Глод, Менск На сёньняшнім паседжаньні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў паступіла прапанова ад Саюзу левых партый (у яго ўваходзяць Беларуская партыя жанчын “Надзея”, Партыя камуністаў беларуская і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)) правесьці чарговы Кангрэс дэмсілаў 14 і 15 красавіка.

Іншыя ўдзельнікі паседжаньня прызналі гэтую дату прымальнай. Аднак рашэньне у рамках Палітрады прымаюцца дзьвюма трацінамі ад 12 суб’ектаў, якія ўваходзяць у склад рады, а сёньня на паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі толькі 7 суб’ектаў.

Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч гаворыць, што ініцыятыва правесьці Кангрэс у сярэдзіне красавіка сыходзіць ад левых партый. Астатнія ўдзельнікі сёньняшняга паседжаньня супраць гэтага тэрміну не выступаюць:

"Сёньня прагучала наступнае: яшчэ даем адзін тыдзень тым удзельнікам рады, хто сёньня не прысутнічаў, каб думалі -- будуць яны ўдзельнічаць у кангрэсе ці не. Калі хто не жадае, дык і не патрэбна. Але праз тыдзень мы будзем рухацца ў бок Кангрэсу і будзем яго праводзіць".

Анатоль Лябедзька -- старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі таксама выступае за абавязковае правядзеньне Кангрэсу:

"Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык частка суб''ектаў кааліцыі не зацікаўленая ў арганізацыі ды правядзеньні Кангрэсу. Больш таго, яны не разглядаюць Кангрэс як вышэйшы прадстаўнічы і стала дзеючы орган. Але такі падыход не азначае, што караван мусіць спыніцца. Мы зрабілі яшчэ адзін крок насустрач кампрамісу і кансэнсусу. Dead-line наступае 15-га сакавіка. Тыя суб''екты, якія разглядаюць Кангрэс як вышэйшы прадстаўнічы і стала дзеючы орган, які павінен легітымізаваць пазытыўную альтэрнатыву для Беларусі і яе грамадзянаў, і тыя, хто лічаць, што менавіта на гэтым форуме павінны быць прынятыя стратэгія і плян дзеяньняў, ідуць далей".

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч называе тры моманты, якія мусяць папярэднічаць правядзеньню Кангрэсу:

"Першы -- павінна быць скончана праца назіральнай камісіі, якая правярае колькасьць подпісаў выбарнікаў, што сабралі кандыдаты ў дэпутаты падчас апошніх мясцовых выбараў, каб стаць дэлегатамі Кангрэсу. Другі -- павінна быць рашэньне аб пашырэньні дэлегацкага складу. Прынамсі, прапануецца далучыць да іх прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і дэлегатаў Кангрэсу 2005 году. І гэта трэба яшчэ ўзгадніць. І трэці -- павінны быць зацьверджаныя праграмныя дакумэнты, якія будуць агучваць на Кангрэсе. Уся гэтая праца падыходзіць да завяршэньня, але на сёньняшні дзень яна не скончаная".

На думку спадара Івашкевіча, калі 15 сакавіка на чарговым паседжаньні Палітрады гэтыя тры пытаньні будуць вырашаныя, дык правядзеньне Кангрэсу дэмсілаў у сярэдзіне красавіка выглядае "цалкам рэальным".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG