Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Філіп Морыс” расчараваўся ў беларускім рынку?


Ігар Карней, Менск Тытунёвая кампанія “Філіп Морыс”, спасылаючыся на ўсё больш жорсткія абмежаваньні ў пастаўках цыгарэт на беларускі рынак, пачынае структурныя зьмены, якія могуць прывесьці да мінімізацыі дзелавой актыўнасьці ў Беларусі.

Прадстаўнікі кампаніі “Філіп Морыс Мэнэджмэнт Сэрвісэз Б.В.”, якая больш за 10 гадоў працуе на беларускім рынку, удакладняюць: пакуль гаворка ня ідзе аб поўным прыпыненьні дзейнасьці. Аднак, як кажа прадстаўнік кампаніі Ігар Альхімовіч, узровень прысутнасьці вядомай маркі мусіць адпавядаць аб’ёму дзелавой актыўнасьці:

“У інфармацыі, якая прагучала раней, не сьцьвярджаецца, што мы згортваем дзейнасьць у Беларусі. Што да магчымасьці скарачэньня прысутнасьці, то такая верагоднасьць не выключаецца, гэта так. Але пра сыход з рынку гаворка ня ідзе. Пра гэта ня кажацца і ў афіцыйным паведамленьні”.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, адна з прычынаў рэструктурызацыі прадстаўніцтва – істотнае абмежаваньне ў пастаўках цыгарэтаў на рынак. Так, кампанія “АФ&Компані”, імпартэр “Філіп Морыс Мэнэджмэнт Сэрвісэз Б.В.” не атрымала квоту на ўвоз цыгарэтаў у 2007 годзе. Разам з тым, удакладняецца ў паведамленьні, цяпер урады Расеі й Беларусі вядуць перамовы на зьняцьцё гандлёвых бар’ераў, у тым ліку адносна тытунёвых вырабаў, імпартаваных з Расеі. “Мы спадзяёмся, што вынікам перамоваў стане скасаваньне квотаў ды іншых, эквівалентных ім, абмежаваньняў”.

Некаторыя інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамляюць: адной з прычынаў рашэньня аб структурных зьменах ёсьць непаразуменьні з Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай “Нёман”. Маўляў, перамовы на арганізацыю ў Горадні ліцэнзійнай вытворчасьці цыгарэтаў былі безвыніковыя. Праўда, Ігар Альхімовіч “гарадзенскі сьлед” не пацьвярджае. А кіраўніцтва Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман” лічыць, што “Філіп Морыс” само не зацікаўленае ў арганізацыі вытворчасьці ліцэнзійных цыгарэтаў. Як кажа Дзьмітрый Чугай, дарадца генэральнага дырэктара “Нёману”, калі іншая кампанія, “Брытыш Амэрыкэн Табако”, сапраўды мела такія намеры, то ёй нічога не перашкодзіла:

“Мы стварылі ўсе ўмовы, якія былі неабходныя. Але калі яны насамрэч не зьбіраліся з намі працаваць, то навошта тады гэта трактаваць як “складанасьці”? Памяшканьне, абсталяваньне – усё плянавалася, выдзялялася, рамонт нават адмыслова зрабілі. То бок, пляны былі, урад таксама ўдзельнічаў ва ўсіх гэтых справах. Усе зацікаўленыя бакі неаднаразова зьбіраліся, прымалі рашэньні. Аднак з боку “Філіп Морыс” ніякіх не было рухаў насустрач”.

Прадстаўніцтва “Філіп Морыс Мэнэджмэнт Сэрвісэз Б.В.” было адчыненае ў Беларусі ў 1995 годзе. Кампанія была адным з найбольш значных мэцэнатаў, пад яе патранажам праводзіліся шматлікія дабрачынныя імпрэзы. Але ў 2006 квота на ўвоз цыгарэтаў для кампаніі склала ўсяго 0,2 мільярды з агульнай колькасьці імпартнай квоты 1,5 мільярду; сёлета гэты паказьнік зьніжаны яшчэ больш. Для параўнаньня, у 2005-м на долю “Філіп Морыс” прыходзілася палова ўсёй імпартнай квоты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG