Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 50 % беларусаў ня вераць у магчымасьць уплываць на ўлады


Уладзімер Глод, Менск Сацыялягічны цэнтар “Зеркало-Инфо” правёў у лютым чарговае нацыянальнае апытаньне грамадзкай думкі. Паводле яго вынікаў, больш за палову апытаных заяўляюць, што радавыя грамадзяне краіны ня могуць уплываць на рашэньні ўладаў.

Сацыёлягі зь “Зеркало-Инфо” перадалі эксклюзіўна для нашага радыё вынікі двух апытаньняў. Першае праводзіліся летась у верасьні, другое – сёлета ў лютым. Абодва разы пытаньне заставалася тым самым і гучала так: “Як бы вы ацанілі магчымасьць грамадзянаў Беларусі уплываць на прыняцьце важных рашэньняў у краіне, на дзеяньні ўладаў?”

Параўнаньне сёлетніх і леташніх лічбаў паказвае: колькасьць тых, хто верыць у рэальную магчымасьць свайго ўплыву на ўладныя структуры, моцна скарачаецца. Летась такіх было 17 %, сёлета засталося толькі 9 %. І наадварот, колькасьць тых, хто цьвердзіць, што такой магчымасьці практычна няма, вырасла ад 22 % да 31 %.
Алег Манаеў: “Нават людзі, якія не выступаюць публічна супраць, у глыбіні душы лічаць сябе выключанымі з працэсу прыняцьця рашэньняў”.
Кіраўнік групы экспэртаў-сацыёлягаў прафэсар, доктар сацыялягічных навук Алег Манаеў, якога мы пазнаёмілі з гэтымі лічбамі, гаворыць, што яны прыблізна паўтараюць вынікі апытаньня, праведзенага на гэтую ж тэму пры канцы студзеня Віленскім незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў:

“Нягледзячы на заявы кіраўніцтва Беларусі пра тое, што ў нас створана дзяржава для народу, што існуе сацыяльна-эканамічная стабільнасьць, што цяперашні курс падтрымлівае бальшыня насельніцтва Беларусі, зьвесткі незалежных апытаньняў паказваюць: такія высновы абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці”.

Алег Манаеў зьвяртае ўвагу: сацыёлягі двух розных установаў сьведчаць, што больш за палову рэспандэнтаў прызнаюць, што ня робяць ніякага ўплыву на эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае жыцьцё. Гэтая лічба значна большая за колькасьць тых, хто падтрымлівае апазыцыю.

“Нават людзі, якія ў цэлым ня тое што ўхваляюць курс уладаў, а не выступаюць публічна супраць, у глыбіні душы лічаць сябе таксама выключанымі з працэсу прыняцьця рашэньняў. Усё, што робіцца ў гэтай краіне, робіцца бязь іх”.

* * * Учора камісія Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях правоў чалавека, міжнацыянальных зносінаў і сродкаў масавай інфармацыі разгледзела новы законапраект “Аб апытаньнях грамадзкай думкі”. Ён быў унесены ад імя ўраду год таму. Увосень пасьля моцнай крытыкі адкліканы. Але, як паказала ўчорашняе абмеркаваньне, істотных зьменаў у новай рэдакцыі дакумэнту не адбылося. Прыняцьце законапраекту пагражае існаваньню незалежных сацыялягічных інстытуцыяў: усе іх хочуць паставіць пад жорсткі кантроль улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG