Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто гадоў назад зьявіліся першыя станікі


Радыё Свабода, Менск 100 гадоў назад ў галіне жаночай бялізны адбылася сапраўдная рэвалюцыя. Францускія мадэльеры прыкладна напалову ўкарацілі звычайныя гарсэты, і часопіс “Vogue” пачаў друкаваць фота і мадэлі гэтых першых brassiere (брасьераў), або бюстгальтараў. Праз год пасьля гэтага, у 1908-м, такія прыналежнасьці жаночага туалету пачалі вырабляць у Менску.

Менск, пачатак сакавіка 1907. На рагу вуліцы Губэрнатарскай і Саборнай плошчы (цяперашніх вуліцы Леніна і плошчы Свабоды) месьціцца гатэль “Эўропа”. Сярод яго пастаяльцаў вылучаюцца два французы браты Турнье. Яны камэрсанты зь Ліёну, уладальнікі некалькіх галянтарэйных мануфактураў. У Менск братоў прывёў бізнэс. Позіркі французаў не прапускаюць аніводнай менскай жанчыны. Браты Турнье заўважаюць, што нямала мянчанак любяць густоўна апранацца, да таго ж цікавяцца францускай модай. Пад такое моднае, пашытае па фігуры адзеньне проста неабходна надзяваць францускія гарсэтныя навінкі – brassiere.

Праз год, вясною 1908-га, браты адчыняюць у Менску галянтарэйную мануфактуру “Франсуа Турнье”. Дэвіз французаў: “У нашым брасьеры – кожная стане Вэнэрай (Мілавіцай)”. Неўзабаве ў Турнье зьяўляецца канкурэнт – маскоўскі прамысловец Ісак Абрамсон. Ягоная прадукцыя мае іншы слоган “Бюстатрымальнік – цюлевы, неабходная для дому рэч. Кошт – чатыры рублі”. Безумоўна, менскія жанчыны аддаюць перавагу французам.

У часе першай усясьветнай вайны браты Турнье вывозяць сваю мануфактуру на захад. Пасьля рэвалюцыі на месцы фабрыкі час ад часу ўзьнікаюць адпаведныя арцелі, якія называюцца то “Беларускай”, то “Камсамолкай”. Некаторыя экзэмпляры гэтай савецкай жаночай бялізны ў сярэдзіне XX стагодзьдзя нават былі прадстаўленыя на жартоўнай выставе ў Парыжы. Яе арганізатар кінаактор Іў Мантан быў вельмі ўзрушаны ад таго, што ўбачыў на паліцах савецкіх крамаў.

Пра тое, што кожная жанчына можа стаць Мілавіцай, у Беларусі згадалі ў выніку перабудовы. Менавіта такую назву і атрымае на пачатку 1990-х менскае аб’яднаньне па вытворчасьці жаночай бялізны. Цягам далейшых дзесяці гадоў прадукцыя “Мілавіцы” будзе паступова заваёўваць рынкі Беларусі, Расеі, іншых постсавецкіх краінаў.

Сёньня ў кожным рэклямным праспэкце “Мілавіцы” вы заўсёды знойдзеце словы пра мануфактуру “Франсуа Турнье”. Прамоўтэры з Расеі і Ўкраіны бачаць у гэтым гістарычную сувязь і сьцьвярджаюць, што “ў кожнай мадэлі беларускай бялізны прасочваецца сапраўдны францускі шык”. Наколькі гэта сапраўды так? Менская дызайнэрка адзеньня Аня Балаш называе гісторыю з Турнье звычайным постсавецкім піарам.

“Гэта піар. Самая папулярная мадэль “Мілавіцы” ў пляне францускага шарму – гэта Анжаліка, якую прыдумаў нават не мастак-дызайнэр, а тэхноляг. Яе па-ранейшаму называюць мадэльлю 201. Ёй нават хацелі нейкі помнік зрабіць. Аднак калі гаварыць пра шарм, дык у нас проста няма нават тых сродкаў, тых машынаў, якія, напрыклад, каштуюць найменей 50 тысяч даляраў і робяць адну толькі заклёпку”.

Паводле менскай дызайнэркі, галоўныя плюсы менскай жаночай бялізны –яе функцыянальнасьць, практычнасьць і цана.

Перакладчыца Вера, якая можа дазволіць сабе купляць рэчы за мяжой, называе вырабы “Мілавіцы” добрай прадукцыяй для сярэдняй эўрапейскай клясы.

“Я сказала б так: калі б гэта было выстаўлена дзе-небудзь у Нямеччыне за цэны ў два-тры разы вышэйшыя за беларускія, гэта разьмялі б за лічаныя хвіліны. І я магу сказаць, што суадносіны паміж цаной і якасьцю, за якімі так пільнуюць заходнія спажыўцы, у “Мілавіцы” захоўваюцца ў поўным парадку. Мадэлі могуць каштаваць нядорага, таму што там звычайнае шыцьцё. Аднак пры гэтым менская бялізна ня рвецца пасьля першага мыцьця. Усё зробленая якасна, зь вельмі нядрэннай тканіны”.

Вера лічыць вельмі станоўчым, што ў Менску ёсьць фірмавыя крамы “Мілавіцы”, дзе кожнага паўгоду абнаўляюцца мадэлі вырабаў.

“Я калісьці чытала статыстыку, у адпаведнасьці зь якой жанчына сярэдняй клясы мае купляць ня менш як два станікі за год... З таго часу я гэта з прыемнасьцю і раблю”.
XS
SM
MD
LG