Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні друк: Расея пераглядае вайсковую дактрыну


Тацяна Поклад, Прага Сярод асноўных тэмаў сёньняшніх заходніх выданьняў – крызыс у дачыненьнях Расеі і ЗША з-за плянаў Амэрыкі разьмясьціць аб’екты сваёй супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы, пляны Расеі перагледзець сваю вайсковую дактрыну і загадкі вакол асобы Усамы бін Ладэна, якому празь некалькі дзён спаўняецца 50 гадоў.



The Washington Post сёньня ў артыкуле “Пуцін: назад у будучыню” пытаецца: “Ці дазволіць Джордж Буш Пуціну зьмяніць пляны амэрыканскай адміністрацыі?.. Прэзыдэнт Расеі ізноў хоча запалохаць амэрыканскіх саюзьнікаў, пратэстуючы супраць разьмяшчэньня супрацьракетных радараў у Чэхіі і Польшчы. Падобная сыстэма супрацьракетнай абароны ня зможа спыніць адначасовы расейскі удар, аднак Масква пагражае выйсьці з Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняга і малога радыюсу дзеяньня, якую падпісалі Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган у 1993 годзе”. Цяпер ў Эўропе магчымыя масавыя дэманстрацыі пратэсту ды іншыя арганізаваныя дзеяньні ў падтрымку Крамля, адзначае сёньняшняя The Washington Post.



The Financial Times у артыкуле “Расея пераглядае пазыцыі з-за ракетных плянаў ЗША” піша, што адзін з расейскіх генэралаў ужо папярэдзіў, што Масква здольная разбурыць элемэнты супрацьракетнай абароны, якія ЗША маюць намер разьмясьціць ва Ўсходняй Эўропе. Расея ня верыць, што сыстэма накіраваная ня супраць яе, а ствараецца дзеля перахопу магчымых ракет такіх краінаў, як Іран альбо Паўночная Карэя. Рада Бясьпекі Расеі заявіла пра распрацоўку новай вайсковай дактрыны, якая будзе ўлічваць усё большую ролю сілы ў міжнароднай палітыцы “вядучых дзяржаваў”.



Пра нямецкія ініцыятывы ў артыкуле “Нямеччына прапаноўвае спакойна абмеркаваць плян ЗША” піша The Guardian. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель лічыць, што важна актывізаваць, а не замоўчваць абмеркаваньне гэтага пытаньня і што НАТО мае зрабіцца форумам для актыўных дыскусіяў на гэтую тэму. Некаторыя эўрапейскія краіны, у іх ліку Францыя, занепакоеныя, што ўстаноўка радараў можа пашкодзіць дачыненьням Эўропы і Расеі.



The New York Times аналізуе, як Вашынгтон мае трымацца цяпер, калі Расея пачынае пагражаць і рэзка выказвае сваё незадавальненьне, якое грунтуецца на распаўсюджаным меркаваньні многіх расейцаў і Крамля, што пасьля распаду СССР пайшоў насустрач ЗША ў многіх сфэрах і нічога не атрымаў узамен. Высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі ЗША заявілі, што плянуюць больш інтэнсіўны дыялёг паміж амэрыканскімі і расейскімі вайскоўцамі, большы абмен інфармацыяй, але ЗША мае намер захаваць свае пазыцыі і разьмясьціць радары ў Усходняй Эўропе.



10 сакавіка Усаму бін Ладэну спаўняецца 50 гадоў, нагадвае Corriere Della Sera, так што самы час прыгадаць “тэрарыста нумар адзін”, які не паказваўся ад 2004 году. Сябры Усамы пераконваюцж, што ён жывы, аддае загады і кіруе. Гэтак жа мяркуюць і амэрыканцы. Францускія спэцслужбы летась паведамілі, што Усама памёр ад хваробы, але доказаў не існуе. “Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб цьвердзіць, што Усамы няма... жывы ён альбо мёртвы, яго марка дзейнічае. Яе выкарыстоўваюць у Магрыбе, у Самалі, у Палестыне, у Багдадзе і Кабуле... Ён ня выйграў, але й не прайграў. Аглядальнікі перасьцерагаюць, што ён ізноў можа нечакана зьявіцца, -- магчыма, гэта толькі спэкуляцыі, але яны паказваюць, наколькі непакоіць сьвет здань Усамы бін Ладэна”, -- у артыкуле “Здань, якая ня можа памерці” піша Corriere Della Sera.
XS
SM
MD
LG