Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” -- 6 сакавіка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу абмяркоўваюць навіну пра гібель ваеннага аглядальніка расейскай газэты “КоммерсантЪ” Івана Сафронава. Згодна з вэрсіяй газэты, журналіст меў сакрэтныя зьвесткі пра дастаўку расейскай зброі на Блізкі Ўсход празь Беларусь. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Ну дык, нездарма ж дбаюць пра “апошняга хаўрусьніка”.

“Пра гэта ўжо шмат казалі… І Францыя гандлюе празь Беларусь, і Расея. Усім выгадны рэжым, ніхто, апроч беларусаў, яго ня скіне”.

“Гэта толькі ў кіно агента Малдэра адпускалі з сакрэтнымі матэрыяламі”.

Dobry_admin, студэнт Унівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі, скардзіцца ў суполцы Жывога журналу “Наша ўлюбёная ВНУ паднесла нам (студэнтам-вячэрнікам 3 курсу) вельмі непрыемны сюрпрыз. Зь ініцыятывы рэктара хочуць расфармаваць увесь трэці курс вечаровай формы навучаньня на завочную форму навучаньня. Пры гэтым трэба за чацьверты курс даздаць 8 экзамэнаў. Цягам тыдня мы будзем пісаць заявы, што мы супраць гэтага. Але нешта мне падказвае, што гэта можа не дапамагчы”.

Псыхоляг Вольга Андрэева піша пра выпадак з уласнай практыкі. “У адной з тэлеперадачаў у наўпроставым эфіры, на якую мяне запрасілі ў якасьці экспэрта, прагучаў званок тэлеглядачкі. Гэта быў рэальны званок… Жанчына запыталася пра надзею. Яна мае сямёра дзяцей, большасьць зь якіх сур’ёзна хворыя. І муж гэтай жанчыны сышоў зь сям’і. Яна хацела даведацца, ці мае яна надзею на новы шлюб з чалавекам, які возьме на сябе клопат пра гэтых дзяцей. Я адказала, што такой надзеі няма… Ёсьць вельмі небясьпечныя надзеі, ёсьць тыя, што тояць у сабе сур’ёзныя праблемы перакананьня. Мая задача – прымусіць чалавека падумаць пра небясьпеку, зьвязаную з такімі ілюзіямі. Дзякуючы добрай прафіляктыцы не спатрэбіцца пакутлівае й дарагое лекаваньне. Я, канечне, выглядаю сэнтымэнтальнай, даючы такія камэнтары. Калі нехта хоча іншых адказаў, няхай зьвяртаецца да іншых людзей”.

На форуме сайту абмяркоўваецца праблема хатніх родаў. Сярод удзельніц форуму ёсьць нямала прыхільніц нараджаць дзяцей дома. Яны нават зьвяртаюць увагу на тое, што ў сучасных беларускіх радзільнях не выконваюцца амаль усе рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Котка разважае наконт праблемаў беларускай мэдыцыны ў гэтай галіне: “Няправільнае стаўленьне да родаў як да апэрацыі – адсюль мэдыкамэнтозныя ўмяшаньні, стымуляцыя, абязбольныя ды ўсялякая іншая трасца… Стрэсавыя ўмовы родаў – хірургічныя інструмэнты, староньнія людзі, ляпаньне дзьвярыма, бальнічная атмасфэра… Стаўленьне да жанчыны як да аб''екту, а не суб''екту родаў. Галоўная роля ў родах павінна належаць жанчыне, а не акушэрцы, доктару, хірургу ці яшчэ каму… Пакуль ня зьменіцца сыстэма – а наколькі я зразумела, кардынальна мяняць нічога не зьбіраюцца – я за хатнія роды. Але гэта толькі мой асабісты выбар, за каторы я гатовая адказваць”.
XS
SM
MD
LG