Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў Беларусі


Радыё Свабода Дзярждэпартамэнт ЗША сёньня апублікаваў чарговую справаздачу аб выкананьні правоў чалавека ў сьвеце. Прапануем вашай увазе пераказ найбольш важных палажэньняў разьдзела справаздачы, прысьвечанага Беларусі.

Прэзыдэнцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам

У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША зазначаецца, што прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка, у выніку якіх А. Лукашэнка быў абвешчаны прэзыдэнтам на чарговы трэці тэрмін, не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Улады працягваюць ігнараваць рэкамэндацыі буйных міжнародных арганізацыяў што да ўдасканаленьня выбарчага працэсу і паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека. Цывільныя ўлады звычайна захоўвалі дзейсны кантроль над сіламі бясьпекі, аднак прадстаўнікі сілаў бясьпекі неаднаразова парушалі правы чалавека.

Паслужны сьпіс уладаў у галіне правоў чалавека заставаўся вельмі дрэнны, а ў некаторых аспэктах нават пагоршыўся, бо ўлады і надалей часта ўчынялі сур''ёзныя парушэньні. У сакавіку ўлады адмовілі грамадзянам права на дэмакратычную зьмену ўладаў, правёўшы сфальшаваныя прэзыдэнцкія выбары. На працягу выбарчай кампаніі і некалькіх месяцаў пасьля выбараў актывістаў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку чатырох мясцовых назіральнікаў і былога кандыдат у прэзыдэнты, зьбівалі, запалохвалі, штрафавалі і пазбаўлялі свабоды.

Катаваньні пад час затрыманьняў

Асобны разьдзел у справаздачы Дзярждэпартамэнту тычыцца катаваньняў і негуманнага абыходжаньня падчас затрыманьняў і зьняволеньня. Адзначаецца, што АМАП даволі часта зьбівае пры затрыманьнях ўдзельнікаў і арганізатараў дэманстрацыяў. Са спасылкай на вартыя даверу крыніцы гаворыцца, што падчас дэманстрацыяў, якія праходзілі пасьля 19 сакавіка, байцы АМАПу і атраду Алмаз зьбівалі дэманстрантаў, і таксама пагражалі ім забойствам і згвалтаваньнем...

У дакумэнце ёсьць спасылкі на расповед Юрыя Чавусава, якога зьбівалі і душылі ягоным шалікам ў міліцэйскім аўтобусе, Віктара Карніенкі, зьбітага невядомымі 23 сакавіка, прыгадваецца выпадак Андрэя Кузьмянкова, у якога ад зьбіцьця былі пашкоджаныя ныркі.

Разгон шэсьцяў апазыцыі і масавыя арышты

Асобая ўвага надаецца брутальнаму разгону шэсьця, арганізаванага 25 сакавіка Аляксандрам Казуліным. Адзначаецца, што сам Казулін быў моцна зьбіты палкоўнікам Дзьмітрыем Паўлічэнкам, што ня менш як два зьбітых дэманстранта ляжалі на зямлі і дзясяткі былі ў крыві.

У раздзеле “Арышты і затрыманьні”, адзначаецца, што паводле закону праваахоўныя органы павінны атрымаць дазвол на затрыманьне асобы не пазьней, як праз 3 гадзіны пасьля затрыманьня. 10 дзён асоба можа ўтрымлівацца за кратамі без прад’яўленьня фармальнага абвінавачваньня і 18 месяцаў пасьля прад’яўленьня.

Міліцыя нярэдка ўжывае кароткачасовыя затрыманьні нібыта для высьвятленьня асобы. У дакладзе прыводзяцца зьвесткі праваабарончага цэнтру “Вясна”, паводле якога падчас прэзыдэнцкай кампаніі па краіне было затрымана і арыштавана паводле палітычных прычынаў каля 100 чалавек, 685 арыштаў адбылося падчас падзеяў 19--25 сакавіка. Многія з затрыманых, у тым ліку і два сыны Аляксандра Мілінкевіча, несьлі ежу і цёплае адзеньне ўдзельнікам намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 24 сакавіка падчас разгону гарадка былі затрыманыя 250 чалавек. Большасьць затрыманых былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў на 10--15 сутак, судовыя пасяджэньні ў гэтых справах працягваліся не даўжэй за 10 хвілін.

Праходзілі судовыя паседжаньні з прадвызначаным вынікам

Улады ня здолелі даць тлумачэньне ў справе колішніх зьнікненьняў апазыцыйных палітычных дзеячоў і журналістаў. Умовы ў турмах былі надзвычай дрэнныя, неаднаразова паведамлялася пра зьдзекі са зьняволеных і затрыманых. Звычайнай справай былі адвольныя арышты, затрыманьні і зьняволеньні грамадзянаў з палітычных прычынаў – за крытыку ўладаў або ўдзел у дэманстрацыях. Судовыя паседжаньні, вынік якіх звычайна быў прадвызначаны, часта праводзіліся за зачыненымі дзьвярмі без магчымасьці ўдзелу незалежных судзьдзяў або незалежных назіральнікаў.

Недатыкальнасьць прыватнага жыцьця не выконваецца на практыцы

У справаздачы адзначаецца, што хаця недатыкальнасьць прыватнага жыцьця гарантуецца Канстытуцыяй, гэта не выконваецца на практыцы. Прыгадваюцца выпадкі ўмяшаньня ў асабістае жыцьцё нават замежных дыпляматаў – прыгадваецца выпадак пранікненьня ў кватэру латвійскага дыплямата, здымкі схаванай камэрай у ягонай кватэры паказваліся па дзяржаўным тэлебачаньні, а таксама спроба правесьці дагляд аўтамашыны польскага дыплямата. Прыводзяцца шматлікія выпадкі ператрусаў у прыватных кватэрах, рэдакцыях і офісах, якія суправаджаліся канфіскацыямі дакумэнтаў і аргтэхнікі.

Экспэрты Дзярждэпартамэнту падкрэсьліваюць, што хаця паводле закону на падслухоўваньне кватэраў і тэлефонаў патрэбная санкцыя пракурора, з прычыны залежнасьці пракуратуры гэтае абмежаваньне фактычна ня дзейнічае.

Аўтары справаздачы спасылаюцца на сьведчаньні палітычных актывістаў, паводле якіх іх жыцьцё ўвесь час адсочваецца праваахоўнымі ворганамі. Прыводзіцца прыклад, як на працэсе Міхаіла Марыніча ў 2004 годзе пракурор спасылаўся на запісы прыватных тэлефонных гутарак Марыніча, зробленых КДБ.

Дзяржаўная кампанія Белтэлекам з’яўляецца манапалістам у прадстаўленьні паслугаў Інтэрнэту, што дае магчымасьць адсочваць ўсю электронную пошту. Існуюць сьведчаньні, што насамрэч адсочваюцца электронныя паведамленьні, якія пасылаюцца зь Інтэрнэт кавярняў з унівэрсытэцкіх сетак. Як ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё экспэрты Дзярждэпартамэнту ЗША разглядаюць і фармаваньне так званых “народных дружын”, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы са злачыннасьцю. Адзначаецца, што ў гэтых фармаваньнях налічваецца 43 тысячы чалавек.

Працягвалася абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў

Улады надалей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду друку, слова, сходаў, асацыяцыяў і рэлігіі. Улады адвольна канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы ў актывістаў грамадзянскай супольнасьці і зачынялі незалежныя газэты або абмяжоўвалі іх пашырэньне. На нешматлікія ацалелыя незалежныя выданьні часта накладаліся штрафы, звычайна паводле абвінавачаньня ў паклёпе або за невыкананьне жорсткіх працэдураў рэгістрацыі. Дзяржаўныя службы бясьпекі ўжывалі неапраўданую і часта грубую сілу для разгону удзельнікаў мірных пратэстаў. Няўрадавыя арганізацыі (NGO) і палітычныя партыі зазнавалі запалохваньні, штрафы, цкаваньне і закрыцьцё.

Рэлігійных лідэраў штрафавалі або пазбаўлялі свабоды за выкананьне багаслужбаў і абрадаў, а цэрквы зачынялі, пазбаўлялі рэгістрацыі або выганялі з займаных імі будынкаў. Кантрабанда людзьмі заставалася сур''ёзнай праблемай, хоць у барацьбе зь ёй быў дасягнуты пэўны прагрэс. Існавала афіцыйная дыскрымінацыя цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, а таксама беларускай мовы. Улады чынілі перасьлед незалежных прафсаюзаў і іх сяброў, жорстка абмяжоўваючы магчымасьці рабочых ствараць незалежныя прафсаюзы або ўступаць у іх і весьці калектыўныя перамовы з працадаўцамі.

Узмацнілася дыскрымінацыя беларускай мовы

Расейская і беларуская мовы маюць аднолькавы юрыдычны статус, аднак на практыцы ўлады пераважна ўжывалі расейскую мову. Беларускай мовай карыстаецца нязначная колькасьць дзяржаўных функцыянэраў і афіцыйных публікацыяў. Паводле стану на 1 верасьня Міністэрства адукацыі загадала, каб усё выкладаньне ў 10-х і 11-х клясах расейскамоўных школаў вялося па-расейску.

Раней і ў расейскамоўных і ў беларускамоўных школах выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама беларускай мовы і літаратуры вялося на беларускай мове. З пратэстам супраць гэтага рашэньня выступіла Таварыства беларускай мовы. Пазьней міністэрства дазволіла паасобным школам самім прымаць рашэньне аб мове выкладаньня. Аднак як расейскамоўныя, гэтак і беларускамоўныя школы атрымалі новыя падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі для 10-х і 11-х клясаў па-расейску.

29 лістапада Вікторыя Дашкевіч, кіраўніца лялечнага тэатру зь Віцебску, паведаміла, што нэанацысцкая арганізацыя Расейскае нацыянальнае адзінства (РНЕ) даслала ёй ліст з патрабаваньнем спыніць пастаноўку беларускамоўных спэктакляў і перавесьці ўвесь рэпэртуар на расейскую мову, бо Беларусь неўзабаве стане часткаю Расеі. Дашкевіч накіравала ў сувязі зь лістом скаргу ў праваахоўныя органы, аднак улады адмовіліся распачаць крымінальную справу.

Ультранацыяналістычныя групоўкі скінгэдаў, якія складаюцца з этнічных расейцаў, цкавалі людзей, якія спрыяюць разьвіцьцю беларускай нацыянальнай культуры, і наносілі шкоду іх маёмасьці. 3 красавіка невядомыя асобы прыляпілі ўлёткі і эмблемы расейскай ультралевай Нацыянал-бальшавіцкай партыі пры ўваходзе ў сядзібу Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У чэрвені кіраўніца Віцебскага аддзяленьня АГП атрымала ліст ад РНЕ з пагрозай асабістай расправы, калі яна ня спыніць сваю апазыцыйную дзейнасьць. 16 жніўня актывісты апазыцыйнай Партыі БНФ знайшлі пры ўваходзе ў сядзібу партыі макет выбуховай прылады з эмблемай РНЕ, якая нагадвае свастыку, і з пачкам улётак РНЕ. РНЕ заявіла, што не падкладала макет прылады. Таксама ў жніўні незалежная газэта “Витебский курьер” атрымала ліст ад лідэраў РНЕ з пагрозай дамагчыся закрыцьця газэты.

Міжнародная супольнасьць выказвала сваю заклапочанасьць

У справаздачы Дзярждэпартамэнту прыгадваюцца ацэнкі, дадзеныя палітыцы Беларусі ў галіне правоў чалавека міжнароднай і эўрапейскай супольнасьцю.

У сьнежні 2006 году генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой выказваецца скрайняя заклапочанасьць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, у рэзалюцыі ўтрымліваўся заклік да беларускага ўраду правесьці свабодныя і справядлівыя выбары і спыніць палітычна матываваны перасьлед палітычных апанэнтаў. У красавіку 2005 году камісія ААН у правох чалавека прыняла рэзалюцыю, у якой канстатаваўся кепскі стан правоў чалавека ў Беларусі, ўтрымліваўся заклік да беларускіх ўрадаў правесьці аб’ектыўнае дасьледаваньне зьнікненьняў Зьміцера Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага (аналягічныя рэзалюцыі былі прынятыя раней – у 2003 і 2004 гадах). Справаздача Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заклікала адхіліць ад пасадаў службовых асобаў, падазраваных у датычнасьці да гэтых зьнікненьняў. Камісія ААН у правах чалавека таксама заснавала пасаду адмысловага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG