Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы “беларускі сьлед” ў сьмерці журналіста “Коммерсанта”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вайсковы аглядальнік расейскай газэты “КоммерсантЪ” Іван Сафронаў загінуў 2-га сакавіка. Паводле першапачатковай вэрсіі – выкінуўся з акна. Аднак пракуратура ўжо завяла справу паводле артыкулу аб давядзеньні да самагубства. Нібыта напярэдадні сьмерці журналіст заяўляў, што яму пагражалі. У расейскіх мэдыях зьявілася вэрсія, што Іван Сафронаў зьбіраўся пісаць артыкул пра пастаўкі расейскіх вайсковых самалётаў СУ-30 і ракетных комплексаў С-300В у Іран і Сірыю нібыта праз Беларусь. Як такую вэрсію ацэньваюць у Беларусі?

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра беларускі сьлед у пастаўках расейскай зброі на Блізкі Усход. Супрацоўнік прэсавай службы Савету бясьпекі Уладзімір Несцяровіч сказаў наступнае:

“Што да нядаўняй паездкі міністра абароны Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава ў Іран, яна ў мэдыях асьвятлялася. Тое, што магчыма было сказаць, было сказана. Таксама было сказана, што гэтыя кантакты адбываюцца ў межах рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, ніякіх парушэньняў няма і ня можа быць. А што да абставін незразумелай сьмерці журналіста “Коммерсанта”, заведзеная крымінальная справа, мяркую, трэба дачакацца яе вынікаў”.

Уладзімер Несьцяровіч заўважыў, што Беларусь не ўпершыню згадваецца ў сувязі са скандаламі аб незаконных пастаўках зброі ў канфліктныя рэгіёны сьвету, але “ніводнага разу гэта не было даказана фактамі”.

“Хутчэй гэта сьмерць -- наступства карупцыі ў асяродку чыноўнікаў Расеі, якія займаюцца гандлем зброяй”, -- камэнтуе вэрсію гібелі Івана Сафронава беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. Ён мяркуе, што ў Беларусі цяпер няма магчымасьці прыкрываць незаконныя пастаўкі зброі іншых краін на Блізкі Ўсход:

“Беларусь не гандлюе ракетнымі тэхналёгіямі, якія могуць дастаўляць зброю масавага зьнішчэньня. Мы гандлюем высокатэхналягічным таварам: інтэгральныя схемы, вылічальныя сыстэмы, праграмнае забесьпячэньне. Можам прадаць аўтамабілі вайсковага прызначэньня, оптыку. А таго, што фігуруе ў сьпісе паставак з Расеі паводле журналіста Сафронава, у нас саміх няма: самалётаў СУ-30, комплексаў С-300В. Як жа мы можам гэта нібыта прадаваць ў трэція краіны? Таму, мяркую, згадка пра беларускі сьлед тут хутчэй дзеля таго, каб заблытаць сьледзтва”.

На думку менскага незалежнага журналіста Рамана Якаўлеўскага, для тайных зьдзелак са зброяй паміж Расеяй і Беларусьсю зараз недастаткова шчырыя адносіны.

“У мяне вялікія сумневы, што сёньня, падкрэсьліваю, не ўчора, а сёньня Расея праз Беларусь гандлюе зброяй. Ня той зараз узровень даверу”.

Пры гэтым Раман Якаўлеўскі нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка двойчы быў з візытамі ў Сірыі і вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з гэтай краінай актыўна разьвіваецца.

У 2002 годзе украінскі журналіст Міхайла Каламіец быў знойдзены павешаным ў навакольлі Маладэчна. Сьледзтва прыйшло да высновы, што гэта было самазабойства.

Летась з акна берасьцейскага гатэлю выпаў літоўскі дыплямат, афіцэр бясьпекі, дарадца генконсульства Літвы ў Горадні Вітаўтас Пацюнас. Паводле пракуратуры і сьледчых органаў, гэта быў няшчасны выпадак.
XS
SM
MD
LG