Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з амбасадарамі краін Эўразьвязу<B>


Алесь Дашчынскі, Менск Апазыцыйны лідэр Аляксандар Мілінкевіч сёньня ў Менску сустрэўся з амбасадарамі краін Эўразьвязу, акрэдытаванымі ў Беларусі. Асноўнае пытаньне, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы, – сьвяткаваньне 25 сакавіка.

Усе амбасадары краін Эўразьвязу, акрэдытаваныя у Беларусі (сярод іх прадстаўнікі Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Чэхіі) узялі ўдзел у сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам. Яна цягнулася больш за гадзіну ў амбасадзе Францыі. Абмяркоўвалася палітычная сытуацыя ў Беларусі, прапановы Эўразьвязу, зробленыя Аляксандру Лукашэнку. Галоўнай тэмай, паводле спадара Мілінкевіча, было сьвяткаваньне 25-га сакавіка. Спадар Мілінкевіч запрасіў шэраг эўрапейскіх палітыкаў і парлямэнтароў узяць удзел ў сьвяткаваньні Дня волі ў Менску. Ужо ёсьць згода ад віцэ-прэзыдэнта Эўрапарлямэнту, італійца Марыё Маўры і лідэра Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу, правай рукі канцлеркі Нямеччыны, спадара Пофалы, кажа Аляксандар Мілінкевіч.

“Яны проста хацелі інфармацыю, што гэта будзе. Я казаў, што мы хацелі б зрабіць мітынг, канцэрт, мы хацелі б, каб у гэты дзень быў абазначаны, як мінімум, віртуальны мост паміж Бэрлінам і Менскам, бо ў Бэрліне ў гэты дзень сьвяткуецца 50 год Эўразьвязу. Безумоўна, для большасьці тых, хто зьбярэцца на плошчы, менавіта эўрапейскі выбар – адна з мэтаў у разьвіцьці Беларусі”.

Ці абмяркоўвалася пытаньне падаўжэньня санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі?

“Сёньня была такая сьвяточная размова, мы гаварылі пра 25-е і пра сумныя рэчы, як санкцыі, мы не гаварылі”.

Паводле спадара Мілінкевіча, прадстаўнікі краін Эўразьвязу лічаць, што зрабілі ўсё неабходнае для таго, каб прадэманстраваць адкрытасьць для Беларусі, для эўрапейскага супрацоўніцтва. Нагадаем, Эўразьвяз выказаў шэраг патрабаваньняў да беларускіх уладаў, сярод якіх вызваленьне ўсіх палітвязьняў, свабода слова і маніфэстацый, дэмакратызацыя выбарчага працэсу.

“Але зараз Беларусь павінна адказаць. Яны чакаюць канкрэтных крокаў. І гэты крок павінна зрабіць беларуская ўлада. Пакуль былі толькі словы, трэба чакаць. Беларуская ўлада зараз мае ўсе шанцы, каб зрабіць краіне вельмі многа добрага, што магчыма за кошт таго, што мы суседзі Эўразьвязу. Ёсьць спэцыяльныя праграмы добрасуседзтва, мы з іх зусім не карыстаемся. Дзеяньні будуць толькі тады, калі беларускі ўрад, беларуская ўлада прадэманструюць жаданьне ісьці па вызначаным шляху. Яна павінна рабіць першы крок”.

Амбасадар Нямеччыны, якая цяпер страшынюе ў Эўразьвязе, Марцін Хэкер коратка пракамэнтаваў вынікі сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам:

“Я толькі магу сказаць, гэта заўсёды цікава сустрэцца з усімі сіламі краіны. Гэта заўсёды вельмі карысна для нас”.

Амбасадар сказаў, што неўзабаве ў Менск прыбывае дэлегацыя Эўразьвязу, накіраваная вярхоўным прадстаўніком Зьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам. Паводле спадара Хэкера, будуць абмяркоўвацца важныя для Эўразьвязу пытаньні, чакаюцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўсіх палітычных сілаў краіны. Адносна падаўжэньня санкцыяў Эўразьвязу да беларускіх чыноўнікаў, спадар Хэкер сказаў, што тут пакуль адказу няма.

Заўтра ў Менску Аляксандар Мілінкевіч плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі Хаўэра Саляны і абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі, узаемаадносіны з Эўразьвязам і Расеяй, а таксама сытуацыю ў аб’яднанай апазыцыі.



XS
SM
MD
LG