Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: “Ці дыскрымінуюць у Беларусі жанчын?”


Альгерд Невяроўскі, Менск 8 сакавіка адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Ён быў заснаваны на пачатку ХХ стагодзьдзя, як дзень абароны жаночых правоў і абароны іх ад дыскрымінацыі. А ці існуе сёньня ў Беларусі дыскрымінацыя жанчын?Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Хлопец: “Не, нічога не было”.

Спадар: “Так, даводзілася. І я лічу, што ў нас па-сапраўднаму жанчын не паважаюць. Такія адносіны мужчынскія да жанчын. Жанчына павінна найперш быць маці. І ў нас такое цяжкое матэрыяльнае становішча, што жанчыны вымушаныя гандляваць сваім целам”.

Спадарыня: “Я з раённага цэнтру Сянно, і думаю, у нас няма такога”.

Дзяўчына: “Не, не ўціскаюць”.

Спадарыня: “Не сутыкалася з дыскрымінацыяй”.

Студэнтка: “Так, я навучаюся ў тэхнічным унівэрсытэце. І лічаць, што дзяўчыны ня могуць быць добрымі прафэсіяналамі ў сваёй сфэры”.

Спадарыня: “Дыскрымінацыя жанчын ёсьць. На працы мужчыны заўсёды займаюць кіроўныя пасады, а жанчыны займаюцца чорнай работай”.

Спадар: “ Ёсьць дыскрымінацыя. Цяжарных жанчын, альбо пасьля родаў не заўсёды бяруць на працу. Ня хочуць аплачваць бальнічны і г.д. Ёсьць такое”.

Карэспандэнт: “Ці даводзілася вам сустракацца з выпадкамі дыскрымінацыі жанчын у Беларусі?”

Дзяўчына: “Не, ніколі”.

Хлопец:”Не, не даводзілася, я думаю, у Беларусі правы жанчын не парушаюцца”.

Дзяўчына: “Не, я не сустракалася. Можа, мне мала гадоў? Як і ў любой краіне, мне падаецца, тут нельга разьмяжоўваць. Парушаюцца правы ня толькі жанчын, але і мужчын. Парушаюцца правы ўсіх людзей”.

Спадарыня: “Такое бывае, напрыклад, падчас прыёму на працу. Пытаюць, ці ёсьць у вас дзеці. Калі няма, то ня хочуць браць, а калі ёсьць, але малыя, то таксама ня хочуць браць”.

Хлопец: “Прыклад, шматдзетная сям’я суседзяў. Абяцалі ім ільготы. Але не далі”.

Студэнтка: “Сустракалася даволі часта ў нашым унівэрсытэце. Выкладчыкі дзяўчат лічаць дурніцамі. Ставяць ім ніжэйшыя адзнакі”.
XS
SM
MD
LG