Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны наклад газэты “Вольны горад”


Радыё Свабода У рэгіёнах Беларусі распачаліся затрыманьні распаўсюднікаў незалежных выданьняў. Плянавую апэрацыю міліцыі і спэцслужбаў экспэрты называюць вынікам дзейнасьці ў краіне новага Адміністрацыйнага кодэксу. Паводле новага закону, незалежным журналістам пагражаюць штрафы, а газэтам – закрыцьцё.

Увесь наклад апошняга нумару крычаўскай рэгіянальнай незарэгістраванай газэты “Вольны горад” арыштаваны другога сакавіка на расейска-беларускай мяжы. Да сёньня выданьне знаходзіцца ў Клімавіцкім раённым адзьдзеле міліцыі.

Няроўны: “Зразумела, што спэцслужбы праслухоўваюць мае тэлефоны, ў тым ліку і сотавы. Таму я не хацеў бы казаць нешта лішняе. Адно вядома, што ўжо набыў сілу Адміністрацыйны кодэкс а ў ім – новыя высокія штрафы і такія “гумавыя” артыкулы, якія можна расьцягнуць як задумаецца”, – заявіў рэдактар выданьня Сяргей Няроўны.

І на Берасьцейшчыне таксама міліцыянты і спэцслужбы сочаць за выданьнем і распаўсюдам недзяржаўных СМІ. Старшыня абласной філіі партыі БНФ Юрась Губарэвіч паведамляе, што пратаколы ў гэтыя дні складзеныя на двух чалавек.

“Мая думка, што гэта сплянаваная акцыя. Бо раней, нават непасрэдна перад увядзеньнем Адміністрацыйнага кодэксу, у нас адбыліся пару выпадкаў затрыманьняў, але міліцыянты не складалі пратакол. А цяпер, як мне падаецца, у іх ёсьць плян “адлову” распаўсюднікаў і прыняцьця жорсткіх мер”.

Некалькі дзён таму пракурор Ганцавіцкага раёну Сяргей Замара абвесьціў папярэджаньне журналістам незалежнага тыднёвіка “Ганцавіцкі час”. Але прадстаўнікі ўлады неахвотна камэнтуюць сытуацыю.

“У прынцыпе ўжо можна было б закрыць гэту газэту...” – сказаў Сяргей Замара.

“На маю думку, гэты кодэкс яшчэ адыграе сваю адмоўную ролю. У першую чаргу мяне хвалюе лёс незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Новыя артыкулы кодэкса ёсьць вельмі жорсткія. І перадусім, якія датычныя да заканадаўства аб СМІ”, – лічыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.


Згодна з Адміністрацыйным кодэксам, з 1 сакавіка прадстаўнікі міліцыі маюць права штрафаваць грамадзянаў без складаньня пратаколу. Штраф, у той самы час, не можа перавышаць 50 базавых велічынь, а арышт не будзе перавышаць 15 сутак. Толькі ў выпадку, калі на грамадзяніна будзе складзена два і больш пратаколаў аб парушэннях, яго могуць арыштаваць на 25 сутак.

XS
SM
MD
LG