Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдоўскае віно ў Беларусі пад забаронай? (абноўлены)


Ігар Карней, Менск Малдоўскія вытворцы вінаў абвінавачваюць беларускі бок у спробе выціснуць іх з рынку Беларусі. Як паведамілі ў Саюзе вытворцаў і экспартэраў малдоўскіх вінаў, Міністэрства гандлю Беларусі даслала лісты эканамічным агентам з загадам спыніць продаж акцызных марак рэалізатарам вінаградных вінаў з Малдовы і шукаць іншыя рынкі.

Кіраўнік Саюзу вытворцаў і экспартэраў малдаўскіх вінаў Георгій Козуб у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што Беларусь спыняе імпарт бутыляваных вінаў з Малдовы.

“Нашы партнэры знаходзяцца зараз у Менску. І іх там пазнаёмілі зь лістом Міністэрства гандлю Беларусі, адрасаваным эканамічным агентам: спыніць продаж акцызных марак Малдове і шукаць іншыя рынкі збыту. Зьяўляецца гэта афіцыйнай забаронай ці неафіцыйнай, і ці ёсьць на гэта санкцыі нейкай вышэйшай інстанцыі, я не магу ведаць”.

Як удакладняе Георгій Козуб, магчыма, непаразуменьні выклікалі зьмены ў законе “Аб вытворчасьці і абароце алькагольнай прадукцыі”. На рашэньне малдоўскага парлямэнту, былі ўнесеныя карэктывы ў мэханізм гандлю віном: экспартаваць вінаградныя віны налівам дазволена толькі вытворцам. У зьвязку з чым малдоўскія фірмы часова прыпынілі адгрузку вінаматэрыялаў. Паводле спадара Козуба, неабходнасьць абмежаваньняў выкліканая тым, што некаторыя краіны набывалі малдоўскае віно цыстэрнамі, пасьля чаго проста разьлівалі яго ў бутэлькі і пастаўлялі на іншыя рынкі. Прыканцы мінулага году галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка наўпрост заявіў: малдаўскае віно, забароненае да рэалізацыі на расейскім рынку, па-ранейшаму трапляе ў краіну, але зь Беларусі і Ўкраіны.

“Ад 1 студзеня пастаўкі з Малдовы налівам ва ўсе краіны забароненыя законам. Але наш парлямэнт прыняў папраўку да закону, якая дазваляе адпраўку налівам згодна з адпаведным рэглямэнтам, які мусіць быць распрацаваны ўрадам. Зараз такі рэглямэнт знаходзіцца ва ўрадзе, які будзе вызначаць парадак. Як толькі рэглямэнт будзе прыняты, тады будзе адноўлены і экспарт. Так што, калі беларускія партнэры крыху пачакаюць, хутка пачнецца адгрузка налівам. І тады, мяркую, ваш бок вернецца і да бутэлькавых паставак. Апошнім часам былі пастаўкі толькі ў бутэльках”.

У Міністэрстве гандлю адмовіліся ўдакладніць, ці насамрэч існуе забарона на пастаўкі бутэляваных малдоўскіх вінаў.

Паводле статыстыкі, Беларусь займае трэцяе месца ў аб’ёмах продажу малдаўскіх вінаў пасьля Расеі і Ўкраіны. Пры гэтым у Малдовы дагэтуль ня вырашанае пытаньне аднаўленьня паставак віна ў Расею, на якую прыпадала асноўная частка віннага экспарту.

У аднаўленьні паставак малдоўскай сыравіны зацікаўленыя і беларускія вытворцы вінаў. Вінамэтэрыялы з Малдовы адчувальна таньнейшыя за прадукцыю аналягічнай якасьці зь іншых краінаў, бо не абкладаюцца 20-працэнтнай мытнай пошлінай. Як мяркуюць экспэрты, менавіта затрымкі ў аднаўленьні паставак віна налівам пацягнулі контарзахады – адмову ад бутэляванага малдоўскага віна.
XS
SM
MD
LG