Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва” і “CD-mag” – ляўрэаты прэміі імя Буцэрыюса


Алена Струвэ, Менск У Гамбургу названы чарговыя ляўрэаты конкурсу “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”. Гэта прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі Азэрбайджану, Беларусі і Расеі.

Заснавальнік праекту – фонд нямецкай газэты “Die Zеіt” альбо, як яго яшчэ называюць, фонд імя Буцэрыюса. Герд Буцэрыюс – вядомы ў Нямеччыне журналіст, юрыст і выдавец, большую частку свайго жыцьця прысьвяціў падтрымцы свабодных мэдыяў у несвабодных эўрапейскіх краінах.

Ад 1999 прэмія Буцэрыюса ўручаецца штогод найлепшым усходнеэўрапейскім журналістам і выданьням. Як паведамілі “Свабодзе” ў штаб-кватэры фонду ў Гамбургу, сёлета на атрыманьне прэміі прэтэндавалі 48 кандыдатаў. Пераможцамі сталі шэсьць.

“Гэта два беларускія мэдыяпраекты – газэта “Наша Ніва” і “СD-mag” – такі моладзевы мультымэдыйны прадукт, які распаўсюджваецца на кампактных дысках і праз інтэрнэт. Яшчэ тры выданьні прадстаўляюць Расею і Азэрбайджан. Як і раней, міжнароднае журы імкнулася падтрымаць свабодную прэсу тых краінаў, дзе яна зазнае перасьлед. Цырымонія узнагароджаньня адбудзецца 21 чэрвеня ў Нобэлеўскім інстытуце ў Осла”, – сказала ў інтэрвію “Свабодзе” прадстаўніца праекту “Маладая прэса Усходняй Эўропы”.

Варта дадаць, што апошнім часам да нямецкага праекту далучылася вядомая нарвэская фундацыя “Fritt Ord” (“Свабоднае слова”). Менавіта з ініцыятывы нарвэжцаў усе урачыстасьці і ўшанаваньні цяпер адбываюцца не ў Гамбургу, а ў такой прэстыжнай установе, як Нобэлеўскі інстытут у Осла.

Сярод сяброў міжнароднага журы – вядомыя нямецкія і нарвэскія журналісты і грамадзкія дзеячы, уключна з дыпляматам Гансам-Георгам Вікам. Намінантаў на прэмію вылучаюць міжнародныя грамадзкія арганізацыі. “Нашу ніву”, напрыклад, рэкамэндавалі Нарвэскі Хэльсынскі камітэт, Нарвэскі ПЭН-цэнтар, фонд арганізацыі “Human Rights House”.

“Нас намінавалі і раней, аднак ляўрэатамі мы названыя ўпершыню. Вельмі радыя з гэтай нагоды. Дэлегуем каго-небудзь у Осла. Усе мы, вядома, не паедзем”, – пракамэнтаваў вестку з Гамбургу рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Скурко.

Беларускімі ляўрэатамі прэміі імя Буцэрыюса станавіліся журналісты Мікола Маркевіч і Сьвятлана Калінкіна, газэты “Брестский курьер”, “Витебский курьер”, “Белорусская деловая газета”, “Народная воля”, “Белорусский рынок”, “Свободные новости”, “Салідарнасць”, баранавіцкі тыднёвік “Intex-press”, агенцтва “Белапан”.
XS
SM
MD
LG