Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бацькаўшчына” вядзе кампанію супраць храму ў гонар Суворава


Альгерд Невяроўскі, Менск Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, якое абвясьціла збор подпісаў пад зваротамі да патрыяршага экзарха Беларусі мітрапаліта Філарэта і кіраўніка Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанціна Сумара з просьбаю спыніць падтрымку пабудовы ў Кобрыне храму ў гонар Аляксандра Суворава, атрымала шмат прапановаў і ініцыятываў. Сёньня ў Менску мае адбыцца нарада, на якой гэтыя прапановы і ініцыятывы абмяркуюць.

Старшыня рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская гаворыць, што на заклік іх арганізацыі адгукнулася вельмі шмат людзей як зь Беларусі, так і з-за мяжы. Штодня прыходзіць вялікая колькасьць лістоў, у якіх людзі абураюцца ініцыятывай збудаваць храм у гонар расейскага генэралісымуса, душыцеля вызвольнага паўстаньня 1794 году. Людзі таксама тэлефануюць з сваімі прапановамі і ініцыятывамі.
Алена Макоўская: “Пакуль што мы бачым такія прапановы: збор подпісаў, палітычных ініцыятываў па арганізацыі пікетаў, скіраваньне адрасных лістоў да гарадзкіх уладаў”.
“Нас вельмі радуе, што паралельна зьяўляецца шэраг ініцыятываў, – расказала ў інтэрвію “Свабодзе” Алена Макоўская. – І не зьвязаныя з намі людзі вядуць і збор подпісаў, і самі думаюць над арганізацыяй мерапрыемстваў інфармацыйнага характару. Людзі далучаюцца да акцыі. З розных гарадоў Беларусі мы атрымліваем копіі гэтых лістоў. Мы вельмі ўсьцешаныя актыўнасьцю грамадзтва”.

Так, напрыклад, адна з экалягічных арганізацыяў прапануе пачаць збор подпісаў супраць пабудовы “сувораўскай царквы” сярод чыноўнікаў. Дзеля таго, каб абмеркаваць усе ініцыятывы грамадзкасьці, “Бацькаўшчына” і зьбіраецца правесьці сёньня нараду з удзелам аўтараў прапановаў.

“Пакуль што мы бачым такія прапановы: збор подпісаў, палітычных ініцыятываў па арганізацыі пікетаў. Скіраваньне адрасных лістоў да гарадзкіх уладаў. Дарэчы, мы яшчэ не атрымалі адказу ні ад кобрынскіх уладаў, ні ад берасьцейскіх. Усё залежыць ад вынікаў гэтай кампаніі. Тады будзем думаць, што рабіць далей”, – сказала Алена Макоўская.

Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” ўсьцешаныя тым, што праблема пабудовы царквы ў гонар Суворава вельмі актыўна абмяркоўваецца ў інтэрнэце. Алена Макоўская спадзяецца: улады ўрэшце прыслухаюцца да грамадзкасьці.

Гл.таксама: Тэма наступнага онлайну – навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава? Кобрын: акцыя супраць будаўніцтва храму ў гонар Суворава
XS
SM
MD
LG