Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: чаго чакаюць жанчыны на 8 Сакавіка?


Радыё Свабода, Віцебск За два дні да жаночага сьвята жыхары Віцебску ў адказ на пытаньне Радыё Свабода разважалі пра падарункі – пра тое, чаго з нагоды 8 Сакавіка чакаюць жанчыны і як рыхтуюцца павіншаваць іх іхныя калегі, сваякі, сябры ды каханыя. Адказы часам былі дужа арыгінальныя, але большасьць апытаных усё-такі згадала кветкі ў якасьці традыцыйнага сакавіцкага падарунка.

Спадар: “Ну, можна паштовачкі хаця б даслаць, павіншаваць па тэлефоне – і гэта будзе прыемна. Але найлепш запытацца ў жанчын, чаго яны самі хочуць”.

Спадарыня: “На маю думку, усе жанчыны хочуць атрымаць у падарунак кветкі, што ж яшчэ?”

Дзяўчына: “Да 8 Сакавіка хочам кветак, ну, і падарунак можна дадаць. Летась мне падарылі тэлефон і кветкі – было вельмі прыемна!”

Хлопец: “Вядома, жанчынам у першую чаргу варта падарыць кветкі. А яшчэ – клопат. Гэта самае галоўнае”.

Спадарыня: “Падарунак абавязкова мае быць нечаканасьцю. Але нечаканасьцю прыемнай! Вось мой муж напярэдадні сьвята згадзіўся выкінуць стары й зусім недарэчны дыван, які вісеў у нас на сьцяне. Мне ён дужа не падабаўся, і муж яго ўрэшце ўрачыста выкінуў, і мяне гэта вельмі парадавала”.

Дзяўчына: “Зважаць варта на тое, які побач мужчына – добра, калі ёсьць такі, ад каго любы падарунак будзе прыемнасьцю! А чаго хачу я? Я шмат чаго хачу, тут і не перакажаш усяго. Касмэтыку, да прыкладу, розныя такія штучкі”.

Хлопец: “Ня вызначыўся яшчэ – ня ведаю, што дарыць. Напэўна, кветачку маці”.

Тое, што шмат хто з мужчынаў яшчэ “ня вызначыўся”, заўважылі і ў віцебскім унівэрмагу: гандлярка з аддзелу падарункаў адзначыла, што большасьць пакупнікоў пакуль што прыходзіць у краму хіба па “службовай неабходнасьці” – каб павіншаваць калег-жанчын у перадсьвяточныя працоўныя дні.

Гандлярка: “Прыходзілі купляць упакаваныя кубачкі вось такія па 7 тысяч 300 рублёў. Па пяць штук бралі – відавочна, на арганізацыю куплялі. У іншых аддзелах таксама куплялі – у парфумэрным болей за ўсё. Цацкі таксама купляюць – іх маладыя хлопцы купляюць сваім дзяўчатам”.

Вялікага ажыятажу яшчэ не відаць і каля віцебскіх кветкавых шапікаў, хаця стаяць яны у самым цэнтры гораду, насупраць летняга амфітэатру. І спадарыня Валянціна, гандлярка з амаль 20-гадовым стажам, пакуль мае магчымасьць падзяліцца сваім досьведам ды ўражаньнямі.

“Цяпер усе болей любяць вясновыя кветкі. Тыя ж мімозы, якія пахнуць вясной, сьвежасьцю. Яны карыстаюцца большым попытам, чым банальныя ружы, да якіх усе звыклі, хаця ружа й лічыцца царыцай кветак”, – расказвае спадарыня Валянціна.

Але хіба толькі ружы, прычым мала папулярных цёмных колераў, прадпрымальнікі маюць магчымасьць набыць у віцебскіх гадавальніках. Астатнія кветкі прывозяць з-за мяжы, і ў Віцебск яны трапляюць не наўпрост, а празь менскія фірмы. Таму, паводле спадарыні Валянціны, нават самыя сьціплыя сьвяточныя букеты будуць каштаваць ня менш як 20 тысяч рублёў.

“Таньней не атрымліваецца. Калі закупляеш тавар – гэта ж і перавозка, і пераборка, – гаворыць спадарыня Валянціна. – Мы ж прадпрымальнікі, і нам ніхто ня сьпісвае выдаткаў так, як сьпісвае дзяржава нашаму зелянгасу. Так што 8 Сакавіка ня дужа радуе – толькі пакрыць выдаткі, і каб надвор’е было – каб гандляваць спакойна. Але мужчыны нашыя пакуль яшчэ сьпяць, як мядзьведзі ў берлагу! Аднак мы ўсё ж чакаем, што заўтра вызірне сонейка і яны прачнуцца ды прыбягуць! Мусяць жа яны згадаць, што ёсьць 8 Сакавіка – адзінае такое сьвята ў жанчын”.

А жанчыны, як вызначыла апытаньне на вуліцах Віцебску, сапраўды чакаюць, каб ім падарылі на гэтае сьвята кветкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG