Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў: аўторак, 6 сакавіка


Вячаслаў Кулік, Менск

Сёньня актывісты беларускай апазыцыі накіруюць пісьмовы зварот у Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя. Прапануецца тэрмінова распачаць грамадзкія слуханьні праектаў па выбары пляцоўкі для будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

“Ёсьць сьпіс аб’ектаў, у сувязі з разьмяшчэньнем якіх у Беларусі мусяць адбывацца грамадзкія слуханьні, – сказаў у інтэрвію “Свабодзе” эколяг Валеры Дранчук. – Будаўніцтва АЭС – гэта найбольш глябальны праект у дачыненьні да нашай краіны, якая не пераадолела яшчэ наступстваў ад выбуху Чарнобыльскай АЭС”.

*** Аб 11-й гадзіне ў Менску сталая камісія Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях правоў чалавека, міжнацыянальных зносінаў і сродкаў масавай інфармацыі будзе разглядаць новы законапраект “Аб апытаньнях грамадзкай думкі”.

“Зьмены адбудуцца. Але казаць, што новы законапраект кагосьці будзе шакаваць або што ён вельмі глябальны, то не. Ён складзены ў адпаведнасьці з духам часу і нашым сёньняшнім мэнталітэтам”, – такімі словамі пракамэнтавала законапраект сябра названай камісіі Палаты прадстаўнікоў Тацяна Асмалоўская.

*** На сёньня некаторых распаўсюднікаў недзяржаўных выданьняў на Берасьцейшчыне выклікаюць у аддзяленьні міліцыі. Са словаў кіраўніка абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрася Губарэвіча, людзям пагражаюць высокімі штрафамі паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу.

“Непасрэдна перад увядзеньнем гэтага кодэксу ў нас былі некалькі затрыманьняў, але міліцыянты проста забіралі выданьні і не складалі пратаколаў. А цяпер артыкул, які рэгулюе пакараньне, вызначае штраф ад 20 да 50 базавых. Гэта “шалёная сума”, – сказаў у інтэрвію нашаму радыё Юрась Губарэвіч.

*** Сёньня ў Менску ў музэі Максіма Багдановіча а 18-й гадзіне будуць падведзеныя вынікі конкурсу маладых літаратараў, прымеркаванага да стагодзьдзя газэты “Наша ніва”.

Паводле галоўнага рэдактара тыднёвіка Андрэя Скурка, вызначаны 22 фіналісты конкурсу. Пры падвядзеньні вынікаў выступяць Ганна Кісьліцына, Уладзімер Някляеў, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, якія апякуюцца конкурсам “Нашай нівы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG