Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” -- 5 сакавіка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

Пачаў працаваць новы сайт, прысьвечаны 25 сакавіка. Тут можна падпісацца пад заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў гэты дзень. Праваабаронца Алесь Бяляцкі тлумачыць: “Пайду, таму што хаджу заўсёды. Буду знаходзіцца на плошчы ня ў якасьці назіральніка, а ў якасьці шараговага ўдзельніка. Лічу, што ў гэты дзень кожны сьвядомы беларус павінен публічна сьвяткаваць. Прычым не сядзець на кухні зь кілішкам і адпраўляць смс-кі сябрам, а, напрыклад, павесіць бел-чырвона-белы сьцяг у сваім двары. Гэта публічнае сьвята, таму сьвяткаваць яго трэба публічна".

У суполцы сайту блогаў Жывы журнал minsk_by карыстальнік dzm23 зьмясьціў здымак мапы Эўропы з расейскага часопіса «Профиль», дзе на месцы Беларусі можна ўбачыць надпіс Літва. Нехта пад нікам nevr адрэагаваў на гэта наступным чынам: “Ну і добра. Таму што мы сапраўды Літва». А вось varvasar падказвае: “Па «Эўраньюсу» пэрыядычна паказваюць ролік, які рэклямуе Сочы як алімпійскую сталіцу. Дык там на мапе таксама няма Беларусі: Расея непасрэдна мяжуе з Польшчай!»

На форумах парталу tut.by абмяркоўваецца навіна пра тое, што Віцебская праваслаўная епархія ўзнагародзіла граматай кіраўніцтва абласнога ўпраўленьня КГБ. max_schtirlitz адзначыў: “Засталося толькі Лаўрэнція Палыча (маецца на ўвазе Лаўрэнці Берыя) далучыць да сьвятых...» aydy : “Я ў шоку. Я ня супраць праваслаўя, сам хрышчоны, але я супраць палітыкі. А РПЦ гэта не царква ўжо, гэта ўжо даўно палітыка, зь верай нічога агульнага ня мае».

На сайце Менгарвыканакаму ладзіцца апытаньне на тэму: «Зь якімі цяжкасьцямі Вы сутыкаецеся, калі зьвяртаецеся ў службы "адно акно"? На сёньняшні дзень вынікі наступныя. Вялікія чэргі — 21, 8%; Нязручны графік працы — 3,4%; Невыкананьне тэрмінаў афармленьня дакумэнтаў — 7,2%; Цяжкасьцяў не заўважыў — 59,5%; іншае — 8,1%».

Сайт народных навінаў з усіх куткоў паведамляе: “У вёсцы Мачулішчы, што пад Менскам, міліцыя "накрыла" нелегальны цэх па перапрацоўцы мяса і вырабу каўбас. Цэх належыць менчуку, індывідуальнаму прадпрымальніку. Мілыцыя забрала мяса курэй, субпрадукты, гавядзіну, сьвініну, гатовыя каўбасныя вырабы —усяго чатыры тоны. Прадукты ўжо былі падрыхтаваныя для продажу пад фальшывым гандлёвым знакам «Полацкая птушкафабрыка». Адзначаны й факт захаваньня без адпаведных дакумэнтаў кансэрванту нітрыта натрыя — хімікату, надзвычай шкоднага для здароўя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG