Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія габрэі сьвяткуюць Пурым


Любоў Лунёва, Менск У гэтыя дні габрэі адзначаюць самае вясёлае сьвята – Пурым. У сынагогах двойчы чытаюць Сьвітак Эстэр (на іўрыце Мэгілат Эстэр), на якім напісана гісторыя Пурыма. Наша карэспандэнтка наведала Габрэйскі супольны дом у Менску.

У Габрэйскім доме сабралася шмат людзей. Гучала музыка. Людзі частаваліся трохкутнымі булачкамі з макам.

Гісторыя сьвята Пурым пачынаецца ў IV ст. да нашай эры ў старажытнай Пэрсіі. Галоўны саноўнік цара Ахашвэроша Аман вырашыў зьнішчыць усіх габрэяў у краіне. Пра гэта даведаўся адзін з кіраўнікоў габрэйскай суполкі Мардэхай. Ён пайшоў да сваёй пляменьніцы Эстэр, якая была жонкай цара, каб тая папрасіла яго адмяніць указ. Эстэр вагалася, бо ніхто ў палацы ня ведаў, што яна габрэйка. Ісьці да цара без запрашэньня таксама небясьпечна. За гэта можа быць сьмяротнае пакараньне. Але яна зрабіла свой выбар. У выніку цар загадаў павесіць Амана, а габрэям дазволіў стварыць свае дружыны самаабароны і адпомсьціць сваім ворагам.

Калі ў сынагогах пад час чытаньня Сьвітка Эстэр называюць імя Амана, людзі пачынаюць шумець. Некаторыя пішуць яго імя на падэшвах свайго абутку і тупаюць нагамі. У гэты дзень трэба выпіць столькі віна, каб чалавек ня мог разабраць фразы “Бласлаўлёны Мардэхай” ці “Пракляты Аман”. Сёньня ў габрэйскім доме ў строі Амана Юры Старасьцінецкі. Ён нарадзіўся і дзяцінства правёў ва ўкраінскім горадзе Віньніца.

Старасьцінецкі: “Я памятаю яшчэ з дзяцінства, як мая мама, сьветлая ёй памяць, і мае сваякі гатавалі нейкія салодкія пачастункі. Гэта былі й булачкі з макам. Была і фаршыраваная рыба ды іншае смакоцьце. Але я, як дзіця, быў спажыўцом і сэнсу сьвята ня ведаў. Ды й якія тады былі часы?! Нічога не афішавалася. Ролю Амана я выконваю другі Пурыншпіль. Шчыра кажучы, спачатку я вагаўся, бо сьвятое імя Эстэр гэта ж і імя маёй мамы. Але Пурым ад слова пур – жэрабя. Я з іроніяй паставіўся, маўляў, што гэта мой пур-пурген”.

Кіраўнік культурна-асьветніцкіх праграм аб’яднаньня “Хэсэд-Рахамім” Міхаіл Гальперын распавёў пра сьвята Пурым.

Гальперын: “Галоўнае, каб людзі весяліліся і памяталі, што незалежна ад таго як складваюцца абставіны, нават, калі вайна ці нашаму народу пагражае зьнішчэньне, але ў яго заўсёды ёсьць вера ў тое, што ўсё скончыцца і ў рэшце рэшт ён атрымае перамогу. Булачкі -- гэта так званы вушы Амана. Яны маюць трохкутную форму і абавязкова з макам. Назва гэтых булачак гомэнташ на мове ідыш, на якой размаўляюць беларускія габрэі”.

7 сакавіка сьвяткаваньне завяршыць пастаноўка “Тэатру ценяў”. У спэктаклі будуць ўдзельнічаць маладыя інваліды з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

На фота: Юры Старасьцінецкі ў строі Амана.





На фота: Кіраўнік культурна-асьветніцкіх праграм аб’яднаньня “Хэсэд-Рахамім” Міхаіл Гальперын.

XS
SM
MD
LG