Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Санкт-Пецярбург: “...з АМАПам лепш ня зьвязвацца...”


Сяргей Абламейка, Прага Заходнія выданьні сёньня актыўна абмяркоўваюць разгон апазыцыйнай дэманстрацыі ў Санкт-Пецярбургу і замах на жыцьцё амэрыканскага экспэрта ў галіне разьведкі Пола Джояла, які перад гэтым выступіў па тэлебачаньні з заяваў аб датычнасьці Крамля да забойства Аляксандра Літвіненкі.

Сёньняшняя навіна, піша “The Wall Street Journal”, гэта падключэньне ФБР да расьсьледаваньня замаху на былога супрацоўніка сэнацкага камітэту ў справе разьведкі Пола Джояла.

25 лютага ў эфіры тэлекампаніі NBC Джоял заявіў, што забойства Літвіненкі – гэта сыгнал ўсім, хто адкрыта выступае супраць Крамля. У мінулы чацьвер Пол пад’ехаў да свайго дому ў горадзе Адэльфі (штат Мэрылэнд), выйшаў з машыны і адразу за гэтым пагучала некалькі стрэлаў. 53-гадовы Джоял атрымаў цяжкае раненьне ў жывот і, паводле лекараў, стан яго здароўя крытычны.

Сябар былога афіцэра ФСБ Літвіненкі Аляксандар Гольд-фарб паведаміў газэце, што Пол Джоял быў добра знаёмы зь Літвіненкам і ў апошні час актыўна заклікаў правесьці ў Кангрэсе ЗША слханьні справы яго забойства.

“The Wall Street Journal” зьвяртае ўвагу чытачоў, што па меры ажыўленьня прэзыдэнцкай кампаніі крытыка Расеі можа стаць адным з козыраў праціўнікаў Джорджа Буша.

Брытанская “Financial Times” прыводзіць меркаваньне былога кіраўніка расейскай контрвыведкі Алега Калугіна, які цяпер жыве ў ЗША. Ён сустракаўся з Полам Джоялам усяго за некалькі гадзінаў да замаху. На думку Калугіна, мала шанцаў, каб замах быў зьвязаны са справай Літвіненкі. Калугін лічыць, што замах – справа рук мясцовых бандытаў. Балазе, сьведкі бачылі, як Джоял сварыўся з двума афра-амэрыканцамі, якія пасьля стрэлаў уцяклі.

Разам з тым і “Financial Times” прыводзіць меркаваньне сябра Літвіненкі Аляксандра Гольд-фарба, які сьцьвярджае, што яшчэ ў савецкія часы КДБ наймала мясцовых бандытаў для ліквідацыі непажаданых асобаў.

“The Wall Street Journal” піша, што суботні пратэст ў паўночнай сталіцы Расеі адбыўся незадоўга да прызначаных на гэты месяц выбараў у гарадзкі заканадаўчы сход. Да гэтых выбараў не была дапушчаная адна зь дзьвюх найбуйнейшых лібэральных партыяў Расеі – “Яблака”. Паводле прадстаўнікоў гэтай партыі, адмова ва ўдзеле ў выбарах была зроблена са спасылкай на беспадстаўныя тэхнічныя прычыны.

Нямецкая газэта “Frankfurter Rundschau” у артыкуле “Паляўнічы сэзон у Сакнт-Пецярбургу” зьвяртае ўвагу чытачоў, што жорсткія дзеяньні міліцыі былі скіраваныя ня толькі супраць звычайных людзей, але і супраць дэпутаў. Дэпутата заканадаўчага сходу ад “Яблака” Сяргей Гуляеў быў зьбіты да страты прытомнасьці і апошняе, што ён пачуў, былі словы афіцэра, які пытаўся, ці зразумела цяпер, што з АМАПам лепш ня зьвязвацца.

Газэта піша, што “Яблака” было адзінай партыяй, чые прадстаўнікі галасавалі супраць прызначэньня Валянціны Матвіенкі на пасаду губэрнатара. А цяпер яны рэзка выступаюць супраць будаўніцтва непадалёк ад гістарычнага цэнтру гораду новай штаб-кватэры Газпраму вышынёй 400 мэтраў і прапануюць правесьці ў гэтай справе рэфэрэндум.
XS
SM
MD
LG