Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзе і як беларусы захоўваюць грошы?


Ігар Карней, Менск Колькі беларусы купілі валюты за гэты год у банках і колькі прадалі?

Паводле статыстыкі Нацыянальнага банку, за 2006-ы рублёвыя і валютныя ўклады насельніцтва павялічыліся на 41%. У грашовым вымярэньні – павялічыліся на 2,2 трыльёны рублёў да і склалі амаль 8 трыльёнаў рублёў. Валютныя ўклады склалі больш за 1 мільярд даляраў, і палічыліся за год на 34%. Рублёвыя -- вырасьлі на 46%.

Эканаміст Алена Ракава лічыць, што беларуска-расейскія нафтагазавыя канфлікты спарадзілі недавер да беларускага рубля. Зараз укладчыкі пачалі здымаць грошы з рахункаў:

“Сапраўды, на сёньняшні дзень асноўная маса банкавых дэпазытаў – у беларускіх рублях. І пры існуючым стабільным курсе мець 10, 12, 14% гадавых – гэта вельмі шмат. Бо валютныя дэпазыты даюць толькі працэнтаў 6-7. Аднак цалкам натуральна, што пры зьмене ўліковай стаўкі, пры дэвальвацыі рублёвыя дэпазыты будуць нявыгадныя. Таму насельніцтва вельмі актыўна за ўсім сочыць і шмат хто зараз здымае грошы з укладаў рублёвых, пераводзячы ў даляры. Альбо ў кагосьці проста ў банках рублі ляжалі. Адпаведна, цяпер усе іх імкнуцца канвэртаваць”.

Беларусы пачалі ўкладаць сродкі ў тым ліку і ў каштоўныя мэталы. У 2006 годзе, паводле Нацыянальнага банку, насельніцтву прададзеная амаль тона золата – 32 тысячы зьліткаў. Гэта ў 4 разы болей за папярэдні, 2005 год. Найбольшым попытам карыстаюцца 10-грамовыя зьліткі, якіх прададзена амаль 10 тысяч. 1-кіляграмовых зьліткаў прададзена 150 (кошт кожнага – 22 тысячы даляраў). Ад мінулага году можна набыць гэтаксама плаціну і срэбра.

Чаму становяцца папулярнымі каштоўныя мэталы? Пра гэта – псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі:

“У дадзеным выпадку павелічэньне капіталаў, памер укладаў, набыцьцё золата можна зьвязаць з тым, што падвысіўся ўзровень заробкаў у бальшыні сацыяльных сфэраў. Ня ведаю, на колькі дакладна можна казаць, але адносны рост ёсьць. Ня думаю, што істотна зьмянілася псыхалёгія да назапашваньня, бо сама жарсьць да назапашваньня трымаецца на фактарах стабільнасьці ў тых ці іншых нацыянальнасьцяў. Гэта закладваецца досыць доўга, яно перадаецца ад бацькоў дзецям. Але калі павялічваюцца заробкі, ёсьць болей вольных сродкаў, то ўзьнікае элемэнтарная неабходнасьць іх кудысьці ўкладваць. Прыкладам, золата набываць у банку. Але нехта па-ранейшаму трымае яго ў сябе”.

Самы кароткі спосаб разбагацець – атрымаць спадкі. Некалькі гадоў таму спадчыну з Амэрыкі атрымаў 40-гадовы жыхар Смаргоншчыны Кастусь. Праўда, у банк пад працэнты свае грошы ён не панёс і набываць залатыя зьліткі гэтаксама ня стаў. Як кажуць аднавяскоўцы, выпадковыя інвэстыцыі Кастусь пусьціў “на гулі”.

“А цяпер ён гуляе да немагчымасьці. Тут у нас таксама п’яніцаў хапае, дык купляе, прыкладам, тэлевізар, падорыць камусьці. Два ці тры дні пастаяў, прыйшоў, забраў, іншым падарыў. Пайшоў, ад тых забраў. Ведаеце як дармавыя грошы лёгка трацяцца? Ну ў яго, я ня ведаю, якая дакладна сума, але ж прыйшлі, ведаю, грошы вялікія. Адным словам, гуляе, як толькі можа. І нідзе не працуе”.
XS
SM
MD
LG