Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Козей: Расея лічыць Беларусь буфэрам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Урад Польшчы выказаў згоду на пачатак перамоваў з ЗША ў справе разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, што выклікала надзвычай адмоўную рэакцыю з боку Расеі і спрэчкі ў самой Польшчы. На пытаньне, ці варта палякам пагадзіцца на “амэрыканскі шчыт” і як такая згода магла б паўплываць на сытуацыю ў Беларусі нашаму радыё адказаў адзін зь вядучых польскіх вайсковых аналітыкаў, былы віцэ-міністар абароны і першы прадстаўнік Польшчы ў НАТО, генэрал Станіслаў Козей.

У самой Польшчы ідзе актыўная дыскусія вакол пытаньня аб разьмяшчэньні у краіне часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Большасьць вядучых палітычных сілаў выказваюцца за, але большасьць грамадзянаў – супраць. Дык ці варта ўсё ж мець гэты шчыт у сябе? Адказвае генэрал Козей.

Козей: “Варта, калі акрамя шчыта краіна будзе мець нейкія дадатковыя выгады. Перадусім варта дзеля таго, што такім чынам Польшча аб’яднае сваю сыстэму бясьпекі з сыстэмай бясьпекі самай моцнай дзяржавай сьвету – у такім выпадку верагоднасьць пагрозы ці тым больш нападу на нас была б значна меншай. Па-другое, мы павінны ў любым выпадку мадэрнізоўваць сваю ўласную сыстэму супрацьпаветранай абароны і добра было б каб у гэтым ўзялі ўдзел і ЗША. Есьць, канешне і рызыка. Трэба паспрабаваць зьменшыць яе да мінімуму”.

Вельмі рэзка, прычым толькі нават на заявы Польчшы і Чэхіі аб тым, што гэтыя краіны маюць размаўляць з ЗША ў справе “шчыта” адрэагавала Расея, заявіўшы, што нацэліць свае балістычныя ракеты на гэтыя аб’кты. Між тым адмыслоўцы амаль у адзін голас кажуць, што амэрыканская сыстэма не накіраваная супраць Расеі. Што пра гэта думае Станіслаў Козей?

Козей: “Гэты супраціў не накіраваны супраць Польшчы, але супраць ЗША дзеля таго, каб нешта атрымаць узамен. Расейцы разумеюць, што пашырэньне і ўзмацненьне сыстэмы супрацьракетнай абароны, гэта нармальная рэч, яны і самі гэта робяць. Гэтага нельга спыніць. Шум вакол гэтага скіраваны перадусім на ўнутраныя патрэбы, на жыхароў Расеі,а па-другое, каб нешта выйграць у ЗША ў сэнсе прапаганды. Па-трэцяе, гэта робіцца, каб пасварыць эўрапейцаў паміж сабой і пасварыць іх з амэрыканцамі. Такім чынам Расея мае тут некалькі мэтаў інфармацыйна-прапагандысцкага характару”.

Паводле генэрала Козея, магчымае разьмяшчэньне ў Польшчы часткі амэрыканскай сыстэмы практычна ніяк не паўплывае на Беларусь.

Козей: “Расея ўжо ўсталявала супрацьпаветраныя ракеты на тэрыторыі Беларусі. Думаю, Расея лічыць Беларусь такім выгодным буфэрам паміж сваёй тэрыторыяй і Эўропай, так было раней, так ёсьць цяпер і так напэўна будзе”.
XS
SM
MD
LG