Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маштабная прыватызацыя ў Беларусі: рэальнасьць ці блеф?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Валер Карбалевіч: “Дакумэнт Міністэрства эканомікі аб прыватызацыі буйных прадпрыемстваў выглядае як сэнсацыя ці нават як рэвалюцыя ў эканамічнай палітыцы беларускіх уладаў. Бо дасюль палітыка была амаль процілеглай.

Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў: навошта прыватызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы, калі яны добра працуюць? Наадварот, летась была запушчаная праграма нацыяналізацыі шэрагу прадпрыемстваў шляхам дабраахвотна-прымусовага продажу акцыяў акцыянэрных таварыстваў дзяржаве ў абмен на крэдыты.

І яшчэ адзін момант. Ва ўсіх постсацыялістычных краінах прыватызацыя пачыналася з дробных, сярэдніх прадпрыемстваў, сфэры гандлю й бытавых паслугаў, сельскай гаспадаркі. І толькі на апошнім этапе справа даходзіла да буйных прадпрыемстваў, да прыватызацыі якіх падыходзілі вельмі асьцярожна.

А тут прапаноўваецца рабіць усё наадварот. У дакумэнце Міністэрства эканомікі гаворка ідзе аб прыватызацыі флягманаў беларускай эканомікі, прадпрыемстваў нафтахіміі, МАЗу, іншых. Што гэта ўсё азначае? Што стаіць за гэтым дакумэнтам? Гэта нейкі палітычны крок кіраўніцтва дзяржавы ці проста прапановы толькі Міністэрства эканомікі, якія яно зрабілі на ўласныя страх і рызыку?”

“Трэба зьнізіць ажыятаж, градус увагі да гэтай падзеі”

Тацяна Манёнак: “Найперш, трэба зьнізіць вось той ажыятаж, градус увагі да гэтай падзеі. Важна адзначыць, што гэты сьпіс прадпрыемстваў для прыватызацыі зьявіўся як дадатак да праграмы мерапрыемстваў па дасягненьні станоўчага сальда балянсу замежнаэканамічнай дзейнасьці Беларусі сёлета.

Пры аналізе гэтага сьпісу зьяўляецца скепсіс. Бо для прыватызацыі патрэбная перадпрадажная падрыхтоўка. А цяпер, за выключэньнем броварнага прадпрыемства “Крыніца” і “Белсоладу”, у дачыненьні да іншых прадпрыемстваў такой падрыхтоўкі няма. Тым больш, у сьпісе шмат унітарных дзяржаўных прадпрыемстваў.

А для прыватызацыі трэба спачатку іх ператварыць у акцыянэрныя таварыствы. У Беларусі працэдура акцыянаваньня займае шэсьць-восем месяцаў. Таму прыватызаваць гэтым годам іх немагчыма.

У прынцыпе, да беларускіх прадпрыемстваў ёсьць інтарэс замежных інвэстараў. Напрыклад, у 1998 годзе расейская кампанія хацела паўдзельнічаць у прыватызацыі МАЗу. Тады МАЗ быў падрыхтаваны да прыватызацыі, зь яго былі выведзеныя няпрофільныя актывы.

Магчыма, зьяўленьне гэтага дакумэнту — нейкая спроба. Ня думаю, што сытуацыя ў эканоміцы настолькі катастрафічная, каб выстаўляць на продаж нафтаперапрацоўчыя заводы. Гэта адбудзецца пазьней, праз тры-чатыры гады, калі прынцыпова зьменяцца ўмовы паставак нафты і газу. А да таго часу яны будуць заставацца асноўнымі здабытчыкамі валюты ў дзяржаўную скарбніцу”.

“Факт тое, што, мусіць, лёд кранаецца”

Аляксандар Класкоўскі: “Калі глядзець у корань гэтай зьявы, то прычына банальная: не стае грошай. Падаражаньне расейскіх энэрганосьбітаў прабіла дзірку ў бюджэце. Яе трэба заляпіць, знайсьці грошы на падтрымку беларускай мадэлі. Таму што, калі мы казалі пра неабходнасьць дасягненьня станоўчага сальда, то гэта ж не самамэта, а сродак захаваньня сацыяльнага статус кво.

Экспэрты казалі, што рана ці позна пачнецца продаж “фамільнага срэбра”. Можна разважаць на тэму, наколькі гатовыя гэтыя прадпрыемствы да прыватызацыі, ці вялікая рашучасьць уладаў, якія будуць тэмпы. Але факт тое, што, мусіць, лёд кранаецца.

Зьяўленьне згаданага пляну сымптаматычнае ў тым сэнсе, што сьведчыць пра пэўную ломку мэнталітэту ўладаў. Ім даводзіцца пераступаць празь сябе.

Насамрэч, для ўлады зручна, што калі эканоміка дзяржаўная, то краіна цалкам кіраваная. А чым большы недзяржаўны сэктар, тым большы патэнцыйны рэсурс зьменаў у грамадзтве. Таму, з аднаго боку, эканамічныя чыньнікі падціскаюць, а зь іншага боку, страшна выпускаць дзяржаўныя прадпрыемствы з рук, бо так выпускаецца і ўлада”.

Карабалевіч: “Ёсьць і пэўныя рэальныя крокі на шляху лібэралізацыі. Так, два беларускія банкі прадаюць кантрольныя пакеты сваіх акцыяў двум расейскім банкам. Лукашэнка прымае буйных бізнэсоўцаў з Аўстрыі, Кіпру й прапануе ім інвэстыцыйная праекты.

Але буйнамаштабная прыватызацыя азначае дэмантаж ці трансфармацыю беларускай сацыяльнай мадэлі. Бо такая прыватызацыя — пытаньне ня толькі эканамічнае, а найперш сацыяльнае й палітычнае.

Бо беларускія прадпрыемствы нясуць на сябе ня толькі цяжар сацыяльнай сфэры (дамы адпачынку, дзіцячыя садкі), але і падтрымку нерэнтабэльных прадпрыемстваў з правінцыі ці нават калгасаў, якіх у прымусовым парадку далучылі да гігантаў прамысловасьці.

Але прыватны ўласьнік вымушаны будзе ўсё гэта скінуць — больш за тое, скарачаць супрацоўнікаў на асноўным прадпрыемстве, бо на кожным дзяржаўным прадпрыемстве амаль да траціны лішніх работнікаў. А гэта рост беспрацоўя, зьяўленьне сацыяльных і палітычных праблемаў”.

“Патрэбныя сыстэмныя рынкавыя рэформы”

Манёнак: “Пакуль што беларуская ўлада ні на што не рашылася. Толькі пляны. Каб сур’ёзныя інвэстары маштабна прыйшлі ў беларускую эканоміку, патрэбныя сыстэмныя рынкавыя рэформы — таму што вялікая рызыка.

Толькі адзін прыклад. Так, буйным акцыянэрам Мазырскага НПЗ зьяўляецца расейская кампанія “Славнефть”. Але беларускія ўлады забралі летась 100 мільёнаў даляраў з прыбытку НПЗ у Фонд нацыянальнага разьвіцьця. Гэта выклікала абурэньне “Славнефти”.

На гэтым фоне наўрад ці сур’ёзныя кампаніі сюды прыйдуць. Ва ўсялякім разе, яны будуць ставіць умову: перадаць ім кантрольны пакет акцыяў. Але Лукашэнка казаў, што на першым этапе кантрольны пакет застанецца ў беларускай дзяржавы.

У 2003 годзе таксама была спроба прыватызацыі. Тады ўрад выставіў на продаж “Нафтан”, “Палімер”, “Азот”, “Хімвалакно”. Інтарэс да іх выявілі некалькі расейскіх кампаніяў. Але калі пазнаёміліся з умовамі прыватызацыі (кантрольны пакет заставаўся ў беларускай дзяржавы), то нават не падалі заяўкі на ўдзел. Гэта можа паўтарыцца і цяпер”.

“Беларускі бок набівае цану”

Карбалевіч: “Нават калі замежная кампанія набудзе кантрольны пакет акцыяў, то ва ўладаў ёсьць такі інструмэнт, як права “залатой акцыі”.

Класкоўскі: “Думаю, беларускае кіраўніцтва будзе імкнуцца трымаць да апошняга ў сваіх руках тую зброю, якую вы згадвалі: кантрольны пакет акцыяў, “залатую акцыю”. Плюс у нагрузку патэнцыйныя інвэстары атрымаюць яшчэ сацыяльны пакет: утрыманьне дзіцячых садкоў, захаваньне працоўнага калектыву і іншае.

Але, думаю, такі нумар цяпер ня пройдзе. Бо паміж Беларусьсю і Расеяй пачаўся ўжо такі піяраўскі двубой. З аднаго боку, прэм’ер Сідорскі кажа: не разьлічвайце купіць за капейкі. Карацей, беларускі бок набівае цану.

А ў расейскіх мэдыях пайшла дружная кампанія, каб зьбіць кошт беларускіх прадпрыемстваў. Там згадваюцца ўсе старыя крыўды (скандал з кампаніяй “Балтыка”, абяцанкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году) і кажуць: мы не паверым, пакуль ня будзе цьвёрдых гарантыяў. А заходні бізнэс тым больш хоча гуляць паводле цьвёрдых і празрыстых правілаў.

Таму, думаю, замежныя інвэстары будуць ціснуць і змушаць беларускае кіраўніцтва пакрысе (няхай пакутліва і непасьлядоўна) пераходзіць на нармальныя рынкавыя ўмовы ў справе прыватызацыі”.

“Ня думаю, што гэта вытанчаная піяр-акцыя з выкідам інфармацыі ў расейскія мэдыі”

Караблевіч: “Можа, гэта проста дыпляматычны ход і больш нічога? Тут ужо згадвалася, як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі Лукашэнку патрэбная была падтрымка Крамля, ён таксама гаварыў пра прыватызацыю, рэгулярна прымаў расейскіх алігархаў. Некаторыя, як кампанія “Балтика”, нават пасьпелі зрабіць тут інвэстыцыі. А пасьля выбараў нічога з гэтых праектаў не было рэалізавана.

Магчыма, нейкі падобны сцэнар разьвіваецца і цяпер. Невыпадкова дакумэнт Міністэрства эканомікі зьявіўся адначасова з зваротам ураду Беларусі да Расеі аб выдзяленьні беспрацэнтнага крэдыту на паўтара мільярда даляраў. І гэты праект прыватызацыі, магчыма, пернік — каб рашэньне Масквы на просьбу аб крэдыце было больш спрыяльным. Як вам гэтая вэрсія?”

Манёнак: “Такой вэрсіі нельга выключаць. Сапраўды, цяпер можна шмат паабяцаць. Але праблема ў тым, што сытуацыя ў эканоміцы Беларусі пагоршылася і будзе пагаршацца далей. І калі грошай будзе не хапаць, то давядзецца рашуча ісьці на прыватызацыю”.

Класкоўскі: “Ня думаю, што гэта нейкая вытанчаная піяр-акцыя з выкідам інфармацыі ў расейскія мэдыі. Лічу што ўсё прасьцей. Было загадана супрацоўнікам Міністэрства эканомікі ліхаманкава распрацаваць плян для дасягненьня станоўчага сальда замежнаэканамічнай дзейнасьці, знайсьці грошы. І тыя хутка гэты плян накідалі. Урэшце, рашэньне ў краіне прымае адзін чалавек”.

Карбалевіч: “Такім чынам, прапановы Міністэрства эканомікі пра буйнамаштабную прыватызацыі зьяўляецца рэвалюцыйнымі, і менавіта таму ставіцца да іх трэба асьцярожна. Бо прыватызацыя разбурае беларускую сацыяльную мадэль, на якой грунтуецца ўлада. Зь іншага боку, зьяўленьне гэтага дакумэнту ёсьць ускосным прызнаньнем сур’ёзных цяжкасьцяў у эканоміцы Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG