Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася кампанія “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (абноўл.)


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску абвясьцілі пра пачатак кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Ва ўстаноўчай канфэрэнцыі ўдзельнічалі каля 70 дэлегатаў зь Менску, Віцебску, Горадні, Бабруйску, Сьветлагорску, Баранавічаў, Наваполацку, Салігорску, Жодзіна ды іншых рэгіёнаў.

Выступіў старшыня Палітычнай рады дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. Галоўная мэта кампаніі — адмена прэзыдэнцкага ўказу №760, паводле якога індывідуальныя прадпрымальнікі павінны наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Наш карэспандэнт апытаў удзельнікаў канфэрэнцыі пра іх стаўленьне да гэтага дакумэнту.

Спадар: “Усе прадпрымальнікі ў Салігорску абураныя гэтым указам. Гэта нейкі абсурд. У мяне як у прыватнага прадпрымальніка чатыры наёмныя асобы. Я ня маю столькі сваякоў. Тым больш, што я расеец. А калі ў мяне жывуць сваякі ў Расеі, то, выходзіць, я павінен іх везьці сюды, каб працягваць прадпрымальніцкую дзейнасьць?”

Спадарыня: “Калі ў сям’і адзін чалавек цырульнік, то чаму ўсе астатнія таксама павінны быць цырульнікамі? А калі нехта з прадпрымальнікаў працуе кіроўцам, то чаму яго дочкі таксама мусяць працаваць кіроўцамі?”

Спадар: “А калі чалавек сірата? І ў яго адзіны заробак, які дае індывідуальнае прадпрымальніцтва? То што яму рабіць? Каго яму наймаць? Гэта не адзінкавыя выпадкі. Я ведаю на рынку “Дынама” прадпрымальнікаў, у якіх няма блізкіх сваякоў”.

Спадар: “Вось канкрэтна мая сытуацыя. У мяне жонка працуе ў школе. Дзіця вучыцца. Каго я пастаўлю? То бок, адназначна паставіць нікога не атрымаецца. Варыянт пераходу ў юрыдычную асобу таксама непрымальны. З-за падатковых цяжкасьцяў, вядзеньня дакумэнтацыі”.

Спадар: “Я аказваю паслугі. У мяне сын — праграміст, дачка — вэтлекар. То бок, яны ня могуць сядзець за швейнай машынай і шыць альбо аказваць паслугі ў рамонце. Мой бізнэс давядзецца пры такіх умовах зачыняць. Я не магу стаць і юрыдычнай асобай, паколькі трэба наймаць яшчэ адну наёмную асобу — бухгальтара”.

Спадар: “Я хацеў бы адзначыць палітычныя аспэкты гэтага ўказу. Першы аспэкт — вынішчэньне індывідуальных прадпрымальнікаў як клясы. Таму што калі гэты ўказ уступіць у сілу, то ад прадпрымальнікаў застанецца хіба што 5 працэнтаў. Па-другое, індывідуальныя прадпрымальнікі — гэта зародак сярэдняй клясы беларускай нацыі. Значыць, гэта ўдар па беларускай нацыі ўвогуле”.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG