Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Вайніловіч


Уладзімер Арлоў, Менск 13.10.1847, маёнтак Сьляпянка (цяпер у межах Менску) — 16.6.1928, Быдгашч, Польшча. Перазахаваны ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены.

Ён з тых, хто сваім жыцьцём абвяргае накінутую беларусам учэпісную думку, нібыта яны былі пазбаўленыя сваёй нацыянальнай арыстакратыі.

Дзякуючы яму, нашая сталіца ўжо амаль стагодзьдзе мае адну з сваіх непаўторных адметнасьцяў — ратаваны Богам ад сучасных герастратаў Чырвоны касьцёл, або, дакладней, касьцёл Сымона і Алены. (Ёсьць сьведчаньні, што Машэраў падпісаў ужо быў паперы на руйнаваньне храму, які “портил лицо социалистического города”, аднак ажыцьцяўленьню злачыннага намеру перашкодзіла сьмерць партыйнага кіраўніка.)

Эдвард Вайніловіч належаў да найбагацейшых абшарнікаў краю, але, скончыўшы Пецярбурскі тэхналягічны інстытут і выправіўшыся на стажыроўку ў Эўропу, вырашыў пачаць яе простым работнікам на бэрлінскім паравозабудаўнічым заводзе. Потым працаваў інжынэрам-мэханікам на славутым Пуцілаўскім у сталіцы імпэрыі, зноў дасканаліўся ў эўрапейскіх краінах.

Аднак ён быў зь людзей, якія маюць радзіму, — адну і назаўсёды.

Вярнуўшыся ў Беларусь і заняўшыся сельскай гаспадаркай, Вайніловіч хутка ператварыўся ці ня ў самага пасьпяховага прадпрымальніка ў сваёй галіне. Прызнаньнем яго дасягненьняў сталася абраньне старшынём Менскага сельскагаспадарчага таварыства.

Пан Эдвард ніколі не абмяжоўваўся эканамічнымі інтарэсамі. Ён адчыняў дзіцячыя прытулкі і школы, больш за трыццаць гадоў быў ганаровым судзьдзём Слуцкага павету, бараніў справы Літвы-Беларусі як дэпутат Дзяржаўнай думы і сябра Дзяржсавету Расейскай імпэрыі і. Зусім небеспадстаўна Вайніловіча называюць першым беларускім эйкумэністам: ён фундаваў будаўніцтва ня толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, заснаваў у Клецку камітэт абароны правоў габрэяў і татараў-мусульманаў.

Вайніловіч і беларушчына — тэма для добрай дысэртацыі.

Фундатар нашага першага легальнага выдавецкага таварыства “Загляне сонца і ў наша ваконца”, часопісаў “Лучынка” і “Саха”. Шчодры ахвярадаўца “Нашае Нівы”...

Сапраўдны стацкі саветнік Эдвард Вайніловіч меў пяць царскіх ордэнаў, сябраваў з старшынём расейскага савету міністраў Пятром Сталыпіным, які прапаноўваў беларускаму арыстакрату пасаду міністра сельскай гаспадаркі. Аднак у 1918-м ён падтрымаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, браў удзел у паседжаньнях яе Ўраду і выступаў супроць падзелу краіны Масквой і Варшавай. Невыпадкова менавіта ў доме Вайніловіча ў Слуцку ў лістападзе 1920 году сабраліся дэлегаты зьезду Случчыны, што абвясьціў падрыхтоўку да антыбальшавіцкага паўстаньня пад сьцягамі БНР.

Пан Эдвард быў узорным мужам і бацькам, але Бог забраў у яго дзяцей, Сымона (1885—1897) і Алену (1884—1903), у гонар якіх у 1910 годзе і быў узьведзены Чырвоны касьцёл. Калі верыць паданьню, Алена намалявала будучы храм перад сваім сконам, паведаміўшы, што менавіта такім яго паказалі ёй у сьне анёлы.

Праз 78 гадоў парэшкі памерлага ў Польшчы, куды ён зьехаў, ратуючыся ад бальшавікоў, Эдварда Вайніловіча былі ўрачыста перазахаваныя ў фунаваным ім касьцёле. Ягоны прах спачывае ў нішы побач з галоўным уваходам, якраз пад выяваю Хрыста.

Рыгор Барадулін адгукнуўся на гэтую падзею вершам “Радзімалюб”:

...І як ні шалеў Разгуканы гнеў, Як дух нячысты Сьвет ні зьнявечваў,— На балючай радзіме Храм ацалеў, Каб стацца верніку Домам вечным...
XS
SM
MD
LG