Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе дыскрымінацыя жанчын у Беларусі?


Радыё Свабода Ці даводзілася вам сутыкацца з выпадкамі дыскрымінацыі жанчын у Беларусі? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.

Маладая спадарыня: “У мяне ўсё ў парадку, мяне заўжды бралі на працу, і ніколі не здаралася, каб узялі не мяне, а мужчыну”.

Дзяўчына: “Я ведаю: існуе такая думка, што ёсьць такое стаўленьне да жанчын. Але я насамрэч з такім не сутыкалася”.

Малады спадар: “У нашым грамадзтве, мне здаецца, заўжды так адбываецца: хлопцаў лепш бяруць на працу, чым дзяўчат. Бо, маўляў, дзяўчатам потым давядзецца дапамогу плаціць, каб глядзець дзяцей, а малыя дзеці яшчэ часта хварэюць”.

Маладая спадарыня: “У нас у кампаніі жанчын не дыскрымінуюць. Я наконт уціску жанчын у Беларусі нічога не магу сказаць”.

Дзяўчына: “Маладых ня хочуць браць, бо яны будуць нараджаць. Я ведаю пра гэта ад старэйшай сястры: былі месцы, дзе яе не хацелі браць, бо яна была маладой, ня мела вопыту. І яшчэ тлумачылі, што ім патрэбныя сталыя працаўнікі. Адзін дэкрэт, другі, трэці — карацей маладых ня хочуць браць, а лепей бяруць жанчын, якім за трыццаць гадоў”.

Спадар: “Не, напэўна існуе нейкая дыскрымінацыя адносна жанчын, але публічна пра гэта не гавораць, толькі паміж сабой”.

Спадар: “Якраз днямі я чуў, што ў прафілякторыі аб’яднаньня “Хімвалакно” скарачаюць адну жанчыну”.

Сталы спадар: “Маю жонку скарацілі летась, год не далі дапрацаваць да пэнсіі”.

Маладая спадарыня: “Сапраўды, жанчын пасьля сарака-сарака пяці гадоў ня хочуць браць на працу. Шмат хто хоча працаўнікоў да трыццаці гадоў: здаровых, маладых, прыгожых — і пажадана, каб дзеці не хварэлі”.

Спадарыня: “Часам, безумоўна, здараюцца такія сытуацыі, асабліва калі начальнік -- мужчына. Тады стаўленьне да жанчыны можа быць неадэкватнае, асабліва калі начальнік сымпатызуе ёй. Тады ён да мужчыны-работніка або да цябе будзе ставіцца па-рознаму. Я сутыкалася з такім: кіраўніком быў мужчына і ён ад цябе патрабуе ўзаемнасьці. А калі ты не адказваеш тым жа, здараюцца канфліктныя сытуацыі на працы, даходзіць нават да таго, што даводзіцца звальняцца”.

Дзяўчына: “Адчуваю, што калі кіруеш аўтамабілем, дык мужчыны да цябе ставяцца не зусім добра, як увогуле да жанчын за рулём. А так у астатнім усё нармальна з гэтым”.

Спадар: “Я ведаю толькі адзін такі выпадак: жанчыне сорак пяць гадоў і яе не бяруць у якасьці сакратаркі, гавораць, што ў такія гады сакратаркай нельга ўладкавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG