Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі ўпершыню ў сьвеце абіралі парлямэнт праз інтэрнэт


Валер Каліноўскі, Прага У мінулую нядзелю ў Эстоніі прайшлі чарговыя парлямэнцкія выбары, на якіх перамагла правая Рэфармісцкая партыя на чале зь дзейным прэм’ерам Андрусам Ансіпам. Выбары былі адметныя тым, што кожны трыццаты выбаршчык прагаласаваў праз інтэрнэт. Такім чынам эстонскі парлямэнт стаў першым у сьвеце, які быў абраны ў тым ліку і праз інтэрнэт.

Цягам трох дзён датэрміновага галасаваньня на мінулых парлямэнцкіх выбарах каля 30 тысячаў эстонцаў аддалі свае галасы праз інтэрнэт. Для ўдзелу ў такім відзе галасаваньня эстонскім выбаршчыкам патрэбна было мець пасьведчаньне асобы новай формы, якое дзейнічае з 2002 года і мае адмысловы мікрачып, і электроннае прыстасаваньне, падключанае да кампутэра, здольнае чытаць зь яго інфармацыю. Кожны выбаршчык мог зайсьці на сайт сыстэмы галасаваньня і пацьвердзіць сваю асобу паролем. Пасьля гэтага голас перадаваўся праз шыфраваны канал і замацоўваўся электронным подпісам выбаршчыка.

Паводле кіраўніка ЦВК Эстоніі Эп Маатэн, 30 тысяч галасоў, атрыманых праз інтэрнэт, – някепскі старт. Яна мяркуе, што інтэрнэт-галасаваньне дазваляе грамадзянам эканоміць час і прымаць больш самастойнае рашэньне, не патрапляючы пад уплыў родных ці сяброў. Хаця скептыкі выказваюць засьцярогі наконт магчымасьці маніпуляцыяў зь інтэрнэт-галасамі, у тым ліку хакерскія атакі, збоі ў працы сыстэмы. Непакоіць іх і тое, што чалавек можа некалькі разоў памяняць сваё рашэньне – электронная сыстэма залічыць толькі апошняе волевыяўленьне.

Экспэрты амэрыканскага інтэрнэт-выданьня “Wired news” перакананыя, што хатнія кампутары мала прыдатныя для галасаваньня, бо сапраўды могуць стаць здабычай хакераў. У свой час амэрыканскія ўлады хацелі арганізаваць інтэрнэт-галасаваньне для прадстаўнікоў сваіх вайсковых місіяў, раскіданых па сьвеце, але адмовіліся, даведаўшыся пра небясьпеку хакерскіх нападаў.

Аднак кіраўніцтва ЦВК Эстоніі перакананае, што сыстэма інтэрнэт-галасаваньня апрабаваная і надзейная, не горшая за банкаўскія інтэрнэт-разьлікі, якія даўно выкарыстоўваюцца па ўсім сьвеце.

Прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хэндрык Ільвэс галасаваў звычайным спосабам, але ён прызнаў каштоўнасьць інтэрнэт галасаваньня, якое, на ягоную думку, засьведчыла, што ягоная краіна “зьяўляецца перадавой у справе выбарчых тэхналёгіяў” і што грамадзяне давяраюць існуючай сыстэме галасаваньня.

Затое пра інтэрнэт прагаласаваў прэм’ер-міністар краіны Андрус Ансіп. Рэфармісцкая партыя, якую ён узначальвае, выйграла выбары, набраўшы каля 28 адсоткаў галасоў. Прэзыдэнт Эстоніі павіншаваў Андруса Ансіпа і абяцаў, што менавіта яму прапануе зноў сфармаваць урад”.
XS
SM
MD
LG