Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі атрымалі першы ліст ад Дзяніса Дзянісава з ізалятару


Радыё Свабода Моладзевы актывіст і сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 28-гадовы Дзяніс Дзянісаў, знаходзіцца пад вартай ужо тры тыдні. Сьледзтва лічыць яго падазраваным паводле 1-й часткі 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — “арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”. Днямі бацькі атрымалі ад сына першы ліст са зьняволеньня.

Маці моладзевага актывіста спадарыня Раіса кажа, што сын напісаў ужо зь Віцебскага СІЗА №2, але ў ім гаворыцца, што Дзяніс пісаў дадому яшчэ з гомельскага ізалятару. Тых лістоў Раіса Дзянісава дагэтуль не атрымала:

Дзянісава: “Гэта зь Віцебску. Ён і з Гомелю пісаў, але, напэўна, не прапусьцілі. Ну, што ён піша? Піша, каб мы не хваляваліся, што ўсё добра. Піша: “Спачатку было цёпла, потым стала халодна. Штаны тонкія, красоўкі парваліся”. Я яму хацела перадаць красоўкі, але ў мяне не ўзялі — сказалі, што бяруць толькі тапкі”.

Заўтра Раіса Дзянісава зьбіраецца перадаць сыну другую перадачу і настояць, каб цяплейшы абутак усё ж ўзялі. Мяркуе яна сустрэцца і з адвакатам Пятром Каваленкам: зь ягонай дапамогай маці хоча напісаць заяву, каб сьледчыя ў справе дазволілі спатканьне з сынам.

Адвакат ужо сустракаўся зь Дзянісам Дзянісавым і потым паведаміў маці, што пэрспэктывы ягоны падабаронны мае неблагія.

Дзянісава: “Сказаў, што ён вельмі добры хлопец, што вельмі разумны, што зь ім вельмі прыемна размаўляць, што яны зь ім тры гадзіны размаўлялі. І што псыхалягічна зь ім усё нармалёва — Дзяніс трымаецца добра. Што перадае прывітаньне дадому. Адвакат спадзяецца, што ўсё будзе добра”.

Разам зь лістом ад Дзяніса яна атрымала й пісьмовыя адказы з Гомельскай ды Віцебскай пракуратуры на свае скаргі, напісаныя адразу пасьля затрыманьня сына. Ёй паведамілі, што Дзяніс Дзянісаў утрымліваецца пад вартай, бо паўгоду хаваўся ад сьледзтва, і што расьсьледаваньне справы будзе працягвацца да 16 сакавіка.

Калі за гэты час сьледзтва будзе скончанае, за месяц справа мае быць перададзеная ў суд. Калі Дзяніса Дзянісава прызнаюць вінаватым, яму пагражае або грашовы штраф, або прымусовыя працы, або да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Нагадаем: падзеі, з нагоды якіх завялі крымінальную справу, адбыліся ў Віцебску летась у чэрвені. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” некалькі дзён распаўсюджвала ў горадзе ўлёткі, вывешвала расьцяжкі й бел-чырвон-белы сьцяг.

Затрыманага 16 лютага ў Гомелі Дзянісава Дзянісава дзесяць дзён таму перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар.

На фота: Раіса Дзянісава чытае ліст ад сына

XS
SM
MD
LG