Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў абяцае грошы з Эміратаў


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Там ён сустрэўся з прэзыдэнтам краіны шэйхам Халіфам бін Заідам.

Прэсавая служба кіраўніка Беларусі падкрэсьлівае, што Эміраты “ёсьць пэрспэктыўнай пляцоўкай для рээкспарту беларускай прадукцыі ў краіны Пэрсыдзкай затокі” і што “гэтая дзяржава мае значныя інвэстыцыйныя рэсурсы, якія могуць быць прыцягнутыя ў беларускую эканоміку”. Аднак такія ж заявы гучалі й сем гадоў таму, падчас папярэдняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Абу-Дабі.

Гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і ААЭ летась склаў 26 мільёнаў даляраў. А яшчэ ў 2002 годзе гэтая лічба складала 35 мільёнаў.

У агульным сьпісе гандлёвых партнэраў Беларусі багатыя Эміраты знаходзяцца аж у канцы трэцяга дзясятку. Для параўнаньня — гандлёвы абарот Беларусі з Латвіяй летась склаў 573 мільёны даляраў, у 22 разы больш, калі параўнаць з Эміратамі.

Былы міністар вонкаваэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч тлумачыць зьмяншэньне гандлёвага абароту з ААЭ нізкай якасьцю беларускіх вырабаў:

Марыніч: “Багатай краіне патрэбныя цудоўныя, якасныя тавары. А Беларусь ня ў стане іх прапанаваць. Вось, уласна кажучы, і ўвесь адказ. Таму гэтыя пустыя паездкі блізкім часам ніякага станоўчага выніку не дадуць”.

Спадар Марыніч гаворыць, што адсутнасьць стабільнага заканадаўства ў Беларусі стрымлівае эмірацкіх бізнэсоўцаў ад інвэстыцыяў:

Марыніч: “Яны цудоўна ведаюць, што многія законы — гэта прэзыдэнцкія дэкрэты ды ўказы, якія сёньня напісаныя, а заўтра адмяняюцца. Гэта не дае стабільнасьці, гэта не дае ўпэўненасьці інвэстару спакойна працаваць на беларускім рынку”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў ня бачыць і палітычнага сэнсу ў візыце Аляксандра Лукашэнкі:

Фёдараў: “ААЭ больш схіляюцца да Захаду. Праўда, яны ня будуць казаць нам пра правы чалавека. Але і цесна з намі супрацоўнічаць таксама ня будуць”.

Беларусь спрабуе пашырыць гандлёвыя і палітычныя кантакты і зь іншымі краінамі Пэрсыдзкай затокі — у прыватнасьці з Бахрэйнам, Катарам, Кувэйтам ды іншымі. Аднак гандлёвыя паказчыкі тут нашмат ніжэйшыя параўнальна з Эміратамі. Хаця пасьля візытаў у Катар у 2001 годзе і Бахрэйн ды Кувэйт у 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка таксама шмат казаў пра магчымасьці значнага павялічэньня беларускага экспарту ў гэтыя краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG