Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я інвалід ЧАЭС, я не магу маўчаць пра сваё зламанае жыцьцё, як мяне нахабна абдзірае наша ўлада”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 5 сакавіка, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Зіноўеў: “Думаю, што справа Дзянісава – сфальсыфікаваная бязглузьдзіца. Адкрылі ў ліпні, а забралі ў жніўні. Ён што партызан-падпольшчык?!”

“Думаю, пасьля дыктатуры на Акрэсьціна, сьледчым ізалятары КДБ і Валадарцы зьявяцца памятныя знакі, што тут трымалі патрыётаў, гонар нацыі, якія выступілі за свабоду”.

Мікалай, Валожыншчына: “Заклік Аляксандра Мілінкевіча да ўлады сумесна адзначыць Дзень Волі пад лёзунгамі “За свабоду!”, “За Беларусь!” зьяўляецца слушным і своечасовым. Адказ улады пакажа, хто хоча адзінства нацыі і сапраўднай незалежнасьці. Ад станоўчага адказу ўлады залежыць далейшае разьвіцьцё нацыі і нашай дзяржаўнасьці. Мяч на баку ўлады”.

Давыдзенка Павал Андрэевіч, г\п Парычы: “Я інвалід ЧАЭС, я не магу маўчаць пра сваё зламанае жыцьцё, як мяне нахабна абдзірае наша ўлада. Заміж таго, каб дадаць пэнсію, кожны месяц абкрадаюць. І сёньня 3 сакавіка я атрымаў пэнсію. Улада мяне абакрала на 41тысячу і яшчэ з пагрозай... Такі клопат пра інвалідаў. Гэта сапраўдны бандытызм!”

Спадар: “Прапаную вынесьці на Сэсію Аб’яднаных Нацый пытаньне пра зьнішчэньне беларускай нацыі асабістаю ўладай, пра зьнішчэньне беларускай мовы, беларускага тэлебачаньня, беларускай школы і беларускага этнасу, як такога, асабістаю ўладай гэтай дзяржавы”.

Спадарыня: “Я веру, што наша Беларусь хутка будзе Эўропай, што ў нас будзе прэзыдэнт дэмакратычны, што мы будзем усе свабодныя, што вернуцца зь вязьніцаў і Казулін, і іншыя людзі, якія невінаватыя сядзяць у турмах”.

Спадар: “Каб увекавечыць памяць пра рэпрэсаваных, трэба ўвесьці “Архіпеляг ГУЛАГ” Салжаніцына ў школьную праграму”.

Уладзімер Зьвернік: “Будаўніцтва храма ў імя Суворава? Лічу, што гэта агідная справа. З таго шэрагу, што і камплімэнты Лукашэнку ў 95-м годзе і Сівакова ў 2006-м на адрас гітлераўскай сыстэмы. Тое і іншае зьяўляецца мацнейшай абразай усяму беларускаму народу, зьдзекам зь гістарычнай памяці беларусаў. Мы не павінны забывацца на тое, што гэты крывавы кат зруйнаваў сотні вёсак, зьнішчыў тысячы слынных патрыётаў нашай краіны, яго ружжы і гарматы ня ведалі літасьці да шараговых сялянаў, узброеных косамі і сякерамі, да мужных шляхцічаў зь іх шпагамі і пістолямі. Таму ў кожнай цагліне мяркуемага храму ёсьць шмат крыві беларусаў, якой заліў нашу зямлю Сувораў. А тым, хто аднаўляе, а таксама тым, хто іменем Бога асьвяшчае памяць сталіных і суворавых,-- вечная ганьба! Хай заўсёды жыве Беларусь Францыска Скарыны, Кастуся Астрожскага, Тадэвуша Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Максіма Багдановіча, Юркі Лістапада, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і іншых вялікіх сыноў нашай краіны. Хай жа жыве наша з вамі Беларусь!”

Спадарыня: “Хачу пачуць, ці атрымалі адказ ад Беларускага Праваслаўнага Экзархату грамадзкія арганізацыі на свой запыт пра будаўніцтва праваслаўнай царквы ў Кобрыне ў гонар Суворава. Мільёны беларускіх сэрцаў чакаюць гэтага адказу. Хрыстос – найвышэйшае і не спасьцігальнае ўвасабленьне праўды і чысьціні, і Божая царква вучыць нас імкнуцца да гэтай праўды. Чаму маўчыць беларускі дэпартамэнт па справах рэлігій? Чаму маўчаць вышэйшыя кіраўнікі нашай дзяржавы? Такія былі гучныя заявы ад іх, што “беларускі сувэрэнітэт – гэта сьвятое,” што мы ім не паступімся. А тут чужая дзяржава, няхай сабе і блізкая да нас, якая ніяк ня можа зламаць свой імпэрскі мэнталітэт, будуе на нашай зямлі свой храм у гонар палкаводца, які душыў вызвольнае паўстаньне, заліваючы зямлю крывёй. Можа ня ведаюць яны пра гэта, як і пра Францыска Скарыну? Дарэчы, ордэн Францыска Скарыны, дараваны Мітрапаліту Філярэту, – гэта знак таго, што паважаны мітрапаліт служыць Хрысту на беларускай зямлі, беларускаму народу. А праваслаўны ордэн, дараваны кіраўніку дзяржавы, і іншыя праваслаўныя яму ўзнагароды абавязваюць да праўды. Гісторыя не даруе, калі мы здрадзім памяці загінуўшых у далёкіх крывавых паўстаньнях, калі мы здрадзім самі сабе”.

Спадарыня: “Калі я слухала адказы Лябедзькі, Вячоркі, Калякіна пасьля паездкі ў ЗША на пытаньні слухачоў, то ў чарговы раз пераканалася ў тым, што не дарма Лукашэнка ўсе 12 год пастаянна сьцьвярджаў, што ў Беларусі няма ніякай апазыцыі. Прыйшоў час, паважныя спадары з мандатамі, прызнаць, што ўсе 12 год Ваша праца як апазыцыі была, мякка кажучы, слабай. А тое, што Вы не прыслухаліся, а адштурхнулі Аляксандра Мілінкевіча, – гэта Ваша вялікая палітычная памылка”.

Спадар: “Добрай раніцы, “Свабода”. У мяне пытаньне. Адкажыце, калі ласка, Аляксандр Рыгоравіч паехаў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты за сьнегам, мабыць? Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG