Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія прававыя навацыі зьявіліся ў новых кодэксах аб адміністрацыйных правапарушэньнях?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: юрысты Валянцін Стэфановіч і Сяргей Балыкін.

Валер Карбалевіч: “Працягваецца кадыфікацыя беларускага права. З 1 сакавіка ўступаюць у сілу два кодэксы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Яны сыстэматызуюць многія прававыя акты ў сфэры адміністрацыйных правапарушэньняў. Дзяржаўныя мэдыі чамусьці зьвялі ўсе навацыі толькі да правілаў вулічнага руху. Якая агульная ацэнка гэтых кодэксаў?”

Валянцін Стэфановіч: “З 1 сакавіка ўступаюць у сілу два кодэксы: Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальны кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Раней гэтыя праблемы рэгулявалў адзін кодэкс. Уражаньне ад гэтых дакумэнтаў супярэчлівае. З аднаго боку, шмат што ўпарадкавана і дэталізавана. Але там ёсьць моманты, якія могуць прывесьці да пагаршэньня, патэнцыйных ахвяраў гэтых кодэксаў”.

Сяргей Балыкін: “Адміністрацыйнае права патрабавала ўдасканаленьня. Бо мы дасюль кіраваліся, у існасьці, Адміністрацыйным кодэксам савецкага часу, з савецкімі анахранізмамі. Галоўная хіба дакумэнту — захаваньне магчымасьці накладаць санкцыі на грамадзяніна без суду. А ў дэмакратычным грамадзтве караць чалавека павінен толькі суд”.

Карбалевіч: “Ствараецца ўражаньне, што ў гэтых дакумэнтах зробленыя крокі на ўзмацненьне жорсткасьці пакараньняў. Павялічылася колькасьць дзеяньняў, якія лічацца правапарушэньнем. Цяпер адміністрацыйную адказнасьць могуць несьці й юрыдычныя асобы. Пашыраюцца паўнамоцтвы службовых асобаў пры складаньні пратаколаў аб правапарушэньнях. Павялічваецца максымальны тэрмін адміністрацыйнага арышту з 15 да 25 сутак. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

Стэфановіч: “У новых кодэксах шмат было перанята з крымінальнага заканадаўства. І зьявіліся навацыі, якіх наша адміністрацыйнае права ня ведала. Напрыклад, суўдзел у адміністрацыйных правапарушэньнях, адказнасьць за падрыхтоўку адміністрацыйнага правапарушэньня, адміністрацыйная адказнасьць юрыдычных асобаў.

Раней дзейнічала правіла, паводле якога, калі зьдзейсьнена некалькі адміністрацыйных правапарушэньняў, выносілася максымальнае пакараньне, прадугледжанае артыкулам за найбольш цяжкае парушэньне. Новы кодэкс прадугледжвае правіла складаньня арыштаў — прычым агульная колькасьць дзён не павінна перавышаць дваццаць пяць.

Ёсьць небясьпека, што цяпер міліцыянты будуць выкарыстоўваць гэты артыкул дзеля доўгатэрміновага арышту палітычных апанэнтаў. Напрыклад, калі чалавека затрымаюць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, то міліцыянты стануць складаць пратаколы адразу паводле двух правапарушэньнях. Другое парушэньне — дробнае хуліганства. І ў такім выпадку чалавеку будзе пагражаць 25 сутак арышту. А гэта ўжо доўгатэрміновае пазбаўленьне волі ў сэнсе адміністрацыйнага заканадаўства.

Ёсьць яшчэ адно пагаршэньне. Цяпер адміністрацыйна арыштаваным забараняецца перадаваць бандэролі, пасылкі, перадачы, акрамя рэчаў першай неабходнасьці, вопраткі й абутку паводле сэзону. То бок харчовыя перадачы, якія раней прымаліся, цяпер прымацца ня будуць.

Павялічылася колькасьць артыкулаў, якія прадугледжваюць адміністрацыйны арышт. Найперш гэта тычыцца кіроўцаў. Прадугледжваецца арышт за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Таксама вялікі разьдзел складаюць гаспадарчыя правапарушэньні”.

Балыкін: “У тэорыі адміністрацыйная адказнасьць зьяўляецца прэвэнтыўнай мерай перад прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці. Таму пашырэньне магчымасьцяў для адміністрацыйнага пакараньня — з аднаго боку, добра. Але трэба ўлічваць беларускую правапрымяняльную практыку. У нас апошнія гады назіраецца тэндэнцыя ўжываць усё больш жорсткія пакараньні. І гэтая тэндэнцыя відаць і ў гэтых кодэксах”.

Карбалевіч: “Зь іншага боку, у гэтым дакумэнце можна ўбачыць і элемэнты гуманізацыі й лібэралізацыі заканадаўства. Уводзіцца паняцьце прэзумпцыі невінаватасьці. Можна абскарджваць рашэньне аб адміністрацыйным пакараньні. Таксама можна карыстацца дапамогай адваката з моманту затрыманьня й складаньня пратаколу бясплатна. Як вы пракамэнтуеце гэтыя навацыі?”

Стэфановіч: “Сапраўды, у гэтым сэнсе можна адзначыць рух наперад. У старым кодэксе было запісана, што дапамогай адваката можна карыстацца толькі падчас разгляду справы ў судзе альбо іншым органе, які мае права накладаць спагнаньне. Хоць Канстытуцыя (артыкул 62) гарантуе кожнаму грамадзяніну Беларусі права на аказаньне юрыдычнай дапамогі без усялякіх абмежаваньняў. Таму новы кодэкс проста прыведзены ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй.

Больш дэталізаваная працэдура завядзеньня адміністрацыйнай справы. Уведзены новы пратакол апытаньня, як нейкі аналяг пратаколу допыту ў крымінальным заканадаўстве. Раней усе паказаньні запісваліся ў звычайны пратакол. Таксама цяпер копія пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні павінна выдавацца на рукі парушальніку.

Што тычыцца абскарджаньня адміністрацыйнай справы. Раней судовыя пастановы аб адміністрацыйных правапарушэньнях можна было абскарджваць толькі ў парадку нагляду. То бок, можна было падаваць скаргу на імя старшыні суду вышэйшай інстанцыі альбо пракурору. Але гэтыя пастановы набывалі юрыдычную сілу з моманту вынясеньня прысуду.

Цяпер прадугледжваецца касацыйны парадак абскарджаньня, у тым ліку й судовых рашэньняў. То бок, чалавек на працягу дзесяці дзён можа абскардзіць гэтае рашэньне. І яно ня можа ўступаць у законную сілу, пакуль ня будзе разгледжаная скарга. Але атрымліваецца, што чалавек будзе пад адміністрацыйным арыштам паводле пастановы, якая не ўступіла ў законную сілу. Падаецца, што гэта падстава для разгляду гэтага артыкулу Канстытуцыйным судом”.

Балыкін: “І раней нібыта дзейнічаў прынцып прэзумпцыі невінаватасьці. Таксама і раней можна было карыстацца паслугамі адваката — але за грошы. Цяпер бясплатна. Але прызначаны адвакат да сваёй справы ставіцца ня вельмі сумленна. Усё залежыць ад практычнага прымяненьня гэтых дакумэнтаў”.

Карбалевіч: “Вось наконт практычнага прымяненьня. Цяпер працэс адміністрацыйнага правасудзьдзя ўскладняецца і становіцца больш працяглым, нагрузкі на суды ўзрастуць дзесьці на траціну ці чвэрць.

Зь іншага боку, у практычным сэнсе як можна будзе рэалізаваць гэтыя навацыі? Напрыклад, супрацоўнік ДАІ спыняе кіроўцу дзесьці за горадам, у полі, хоча скласьці пратакол аб парушэньне правілаў. А той запатрабуе адваката. Як тут быць?”

Стэфановіч: “Наша судовая сыстэма не зьмяняецца. А што яна сабой уяўляе — асабліва ў дачыненьні адміністрацыйнага заканадаўства, мы добра ўбачылі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Тады былі масавыя прэвэнтыўныя затрыманьні й фальсыфікацыі справаў, абвінавачваньні апазыцыйных актывістаў у дробным хуліганстве. Таму я ня думаю, што суды будуць працаваць інакш з прыняцьцем гэтых кодэксаў.

А вось праца супрацоўнікаў міліцыі ўскладняецца. Калі затрыманы грамадзянін будзе сябе паводзіць пісьменна, патрабаваць выкананьня ўсіх працэдураў, то я ня ведаю, як міліцыянты будуць выходзіць з сытуацыі. Таму што яны прызвычаіліся рабіць гэта хутка. Але вялікіх ілюзіяў на гэты конт я ня маю”.

Балыкін: “Калі трохі дыстанцыявацца ад гэтых кодэксаў і паглядзець на сытуацыю больш шырока, то можна адзначыць, што ў Беларусі няма глыбокіх дэмакратычных, прававых традыцыяў. Няма іх і ў судовай сыстэме”.
XS
SM
MD
LG