Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітзьняволенай Кацярыны Садоўскай<b/>


Любоў Лунёва, Менск Праваабаронца Кацярына Садоўская адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі. Яе пакаралі зьняволеньнем на два гады за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Паводле прысуду пэнсіянэрка мусіць заплаціць чатыры мільёны рублёў кампэнсацыі судзьдзям кіраўскага раённага суду. Спадарыня Садоўская за месяц да арышту перанесла анкалягічную апэрацыю. Дома ў яе заставаліся 85-гадовая хворая маці і муж-інвалід. Маці не дачакалася сваю дачку. Кацярына пра сьмерць маці даведалася з тэлеграмы ад мужа.

Слухаць:

"Кацярына ўпарта, дзе б ні працавала, адстойвала праўду"

Кватэра Кацярыны і Віктара Садоўскіх знаходзіцца на 11 паверсе 12-павярховага дома ў мікрараёне Уручча-6. Раней у кватэры заўсёды было шмат людзей. Праваабаронца ўвесь час альбо дапамагала пісаць скаргі тым, хто згубіў усялякую надзею на станоўчае вырашэньне свайго пытаньня ў судовых інстанцыях, альбо давала парады людзям, якія шукалі абароны сваіх інтарэсаў. У кватэры заўсёды нехта жыў, даволі часта заставаліся людзі, якім не было куды ехаць начаваць. Віктар Садоўскі кажа, што раней яго гэта раздражняла, а цяпер сумуе па тых часах. Ён паказаў фатаграфію сваёй жонкі амаль 40-гадовай даўніны. Брунэтка з валасамі да плячэй, сур’ёзны і крыху насьмешлівы позірк. Віктар усьміхнуўся: “Вось якая яна ў мяне”, і распавёў гісторыю свайго каханьня.

“Яна была кіроўцам трамвая. Я паглядзеў, здаецца, дзяўчына так нічога сабе. Запытваю яе, як на вакзал ехаць. А я тут усё больш-менш ведаў, бо пасьля войска апынуўся ў Менску. Мы ехалі ў “Зялёны луг”. Там у яе быў абед. Я купіў цукерак, паразмаўлялі... Гляджу, а яна ўсе цукеркі сама зьела! Потым пачалі часьцей сустракацца. Яна жыла ў жаночым інтэрнаце каля кінатэатру “Мір”.



У Садоўскіх спачатку нарадзілася дзяўчынка, а потым хлопчык. Дзеці цяпер жывуць асобна. Дачка -- майстар коннага спорту міжнароднага клясу. Дзейнасьць сваёй маці не падтрымлівае. Віктар кажа, што ягоная Кацярына ўпарта, дзе б ні працавала, адстойвала праўду. За гэта яе не любіла начальства. Яна часам дабівалася справядлівасьці для сваіх калегаў, але сама не аднойчы з-за гэтага губляла працу, кажа Віктар Садоўскі.

“Аднойчы быў суд. Начальства паспрабавала яе выгнаць... Быў год дачцэ. Яна зь ёй паехала ў Маскву дабівацца праўды. Раз зьезьдзілі ў Маскву, другі... На самалёт, і там мая маленькая дачка на аднаго дзеяча зрабіла такі ручаёк. А ён: “Нічога-нічога”. Тэлефанаваў сюды. Лічу, што гэта яна дабілася, каб далі кватэры”.

Дома супрацоўнікі КДБ правялі ператрус

У двухпакаёвую кватэру Кацярына Садоўская чатыры гады таму прывезла з вёскі з Рэчыцкага раёну сваю старую матулю. Тая прыехала са сваім катом. Казала, што перазімуюць і паедуць дахаты. Але потым ужо не магла нават самастойна дабрацца да прыбіральні. Віктару давялося даглядаць цешчу, бо жонку затрымалі летась у чэрвені. Спачатку яе трымалі ў псыхіятрычным шпіталі, а потым перавялі ў сьледчы ізалятар. Віктар быў у разгубленым стане. Ня ведаў, што рабіць. Жонку перад арыштам выпісалі са шпіталю. Ёй зрабілі складаную анкалягічную апэрацыю. Сам ён хворы на цукровы дыябэт, мае анкалягічнае захворваньне, і яму цяжка рухацца, бо ампутаваная нага. Дома супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. На пісьмовым стале знайшлі ліст, які Кацярына нікому не пасьпела даслаць. Лінгвістычная экспэртыза заключыла, што ў лісьце ўтрымліваюцца абразьлівыя выразы на адрас кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта й стала падставай для абвінавачаньня ў крымінальным злачынстве. Апроч таго, паводле прысуду 60-гадовая пэнсіянэрка мусіць заплаціць судзьдзям кіраўскага раённага суду 4 мільёны рублёў. На кватэру прыходзіў судовы выканаўца. Спадар Садоўскі распавёў, што той нават паспачуваў яму, калі убачыў умовы, у якіх жывуць пэнсіянэры-інваліды.

У спальні два старэнькія ложкі, над імі абразы, якія Кацярыне падарылі ўдзячныя людзі. Побач на шафе старыя фотаздымкі, замацаваныя на дошцы, – сямейная фотакроніка. Іх прывезьлі з цешчынай хаты. Даўно ў кватэры не было рамонту. Віктар Садоўскі распавёў, што Кацярына асабліва й не імкнулася да нейкага камфорту. Была цалкам занятая грамадзкай працай. На кухні пара каструль, вельмі простыя кубачкі для гарбаты, два відэльцы, і чатыры лыжкі. А яшчэ лядоўня, якой каля двух дзесяткаў гадоў. Віктар папрасіў: “Вы толькі можа не здымайце лядоўню, а то будуць казаць, што мы купаемся ў раскошы”. Ён прыгадаў, што Кацярына не цікавілася модай. Ёй было ўсё роўна, як яна выглядае. Але ў маладосьці любіла вышываць. Захаваліся сурвэткі і навалочкі. Віктар Садоўскі згадвае:

“У яе маці на Новы год ладзіла такія конкурсы, хто чым займаецца. Прыносілі, паказвалі, а потым давалі нейкія прэміі. Павышывае розныя кветачкі, а баба ўжо паказвае. Сьціпла хадзіла... У нас і не было грошай на ўбраньне”.

У наступным месяцы Віктар Садоўскі паедзе да сваёй жонкі на спатканьне ў калёнію

Віктар Садоўскі распавёў, што ў свой час аб’езьдзіў амаль увесь Савецкі Саюз. Нават працаваў на Байкануры. Ён ракетчык. “Ну, я ж вам так вайсковы сакрэт выдам! Стол такі, як яго называлі, полымягасіцель. Калі ракету запускаюць, то трэба, каб струмень ні ў адну кропку біў. Там струмень!... За сэкунду тона гаручага. Вельмі цяжка было на Байкануры. Усё прывазное. Нават у нашым гарадку дрэвы расьлі, але пад кожнае дрэва быў падведзены фантанчык”.

У наступным месяцы Віктар Садоўскі паедзе да сваёй жонкі на спатканьне ў калёнію. Яна піша, што колькасьць лістоў значна паменшылася ў параўнаньні зь мінулым месяцам. Кацярына адчувае сябе ня вельмі добра. Паколькі яна пэнсіянэрка, то на працу яе не водзяць. Яна толькі прыбірае вялізны пакой разам зь іншымі асуджанымі жанчынамі, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту.

“Вось форма ў іх, як у войску. Калготкі нельга, і нікому, значыць, не даваць. І штаны забралі... Відаць, іх выдаюць, калі вельмі халоднае надвор’е. Казала, што пад’ем а 6-ай раніцы, а 10-ай вечара адбой. Ад яе цяпер няма лістоў. Адзін-два прыйшлі, а цяпер зусім няма”.

Спадар Садоўскі распавёў, што да яго заходзіць сын Канстанцін. Ён правярае, ці ёсьць харчы ў лядоўні, а таксама сочыць за станам здароўя свайго бацькі. Ужо былі выпадкі, калі ён знаходзіў бацьку ў кватэры ў вельмі цяжкім стане. Віктар Садоўскі кажа, што, калі памерла цешча, то дзеці ўвесь клопат узялі на сябе, зрабілі ўсё па-людзку. Ён спадзяецца, што Кацярыну альбо адпусьцяць умоўна-датэрмінова, альбо амністуюць. Лічыць, што ўжо летам гаспадыня кватэры будзе дома разам зь ім.



Гл. таксама • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота+аўдыё)

• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна(фота+аўдыё)

• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Зьмітра Дашкевіча (фота+аўдыё)

• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Статкевіча (фота+аўдыё)
XS
SM
MD
LG