Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін падтрымаў ініцыятыву “Беларусь – у Раду Эўропы”


Альгерд Невяроўскі, Менск Учора ў Менску прайшоў 11-ы чарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Дэлегаты істотна абнавілі склад партыйнага кіраўніцтва, а таксама ўнесьлі папраўкі ў статут. Новаабранае кіраўніцтва за сваю галоўную задачу бачыць умацаваньне партыйных структур і вызваленьне з-за кратаў лідэра Аляксандра Казуліна.

Адзінаццаты чарговы зьезд БСДП (Грамада) на безальтэрнатыўнай аснове абраў лідэрам партыі палітзьняволенага Аляксандра Казуліна. Яго першым намесьнікам і фактычна выканаўцам абавязкаў старшыні стаў Анатоль Ляўковіч. Намесьнікамі выбраныя Анатоль Сідарэвіч, Іван Анташкевіч, Ігар Рынкевіч і Валеры Фралоў. Такія асноўныя вынікі гэтага форуму.

Першы намесьнік старшыні Анатоль Ляўковіч заклікаў распрацаваць праект канцэпцыі разьвіцьця Беларусі пасьля зьмены цяперашняй улады, а таксама ўмацоўваць партыйныя структуры.

“Асноўны цяжар ляжыць на першым намесьніку, – сказаў А.Ляўковіч у інтэрвію нашаму радыё. – Але мы цяпер абралі каманду. Калі лідэра партыі пасадзілі ў турму і не было каманды, вось гэта быў цяжар. І цэлы год, з сакавіка па сакавік, у партыі працавала толькі некалькі чалавек. А цяпер, спадзяюся, гэты цяжар у мяне стане значна меншы”.

Не абышлося і безь невялікага скандалу. Былы намесьнік старшыні “Грамады” Ўладзімер Нісьцюк абвінавачваў Анатоля Ляўковіча ў дэзарганізацыі працы партыі і ў фінансавых махінацыях. Але большасьць дэлегатаў Нісьцюка не падтрымала.
І.Рынкевіч: “Усходні вэктар, расейска-беларускі, застаецца для нашай партыі вельмі важным кірункам замежнапалітычнай дзейнасьці”
У зьезьдзе брала ўдзел 75 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Арганізатары былі вымушаныя праводзіць яго ў цеснай залі менскай штаб-кватэры БНФ. Да самага апошняга часу адміністрацыі шэрагу ўстановаў, якія маюць адпаведныя залі, не давалі кіраўніцтву “Грамады” ніякага адказу на просьбу аб арэндзе. Толькі ў пятніцу адміністрацыя Палацу культуры менскага аўтазаводу прапанавала сацыял-дэмакратам арэнду залі на паўтары тысячы чалавек. Але такое вялікае і дарагое памяшканьне не было для зьезду патрэбнае.

Перад дэлегатамі з прапановамі ад Аляксандра Казуліна выступіў ягоны адвакат, а цяпер ужо намесьнік старшыні партыі Ігар Рынкевіч:

“Трэба імкнуцца да таго, каб партыя аднавіла сваю сілу ў рэгіёнах, узмацніла сябе арганізацыйна. Хутчэйшы ўдзел у Кангрэсе. Ставіцца пытаньне пра нелегітымнасьць Лукашэнкі. Што да стратэгічных момантаў, то Казулін падтрымаў грамадзянскую ініцыятыву “Беларусь у Раду Эўропы”. І, акрамя гэтага, лічыцца, што ўсходні вэктар, расейска-беларускі, таксама застаецца для нашай партыі вельмі важным кірункам замежнапалітычнай дзейнасьці”.
XS
SM
MD
LG