Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца ўстаноўчая канфэрэнцыя актывістаў кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Мэта канфэрэнцыі – стварэньне новай грамадзкай арганізацыі дробных бізнэсоўцаў. Удзельнікі абмяркуюць пляны дзейнасьці на найбліжэйшы час. Таксама сёньня стане вядомым рашэньне ўладаў адносна прадпрымальніцкага мітынгу, рыхтаванага на 12-га сакавіка.

На канфэрэнцыю зьбяруцца бізнэсоўцы многіх рэгіёнаў.

“Сёньня ў нас ёсьць у 33 гарадах прадстаўнікі гэтай кампаніі, – расказаў нашаму радыё каардынатар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. – Напрыклад, у Воршы 1200 чалавек. На гэтай канфэрэнцыі будзе прадстаўленая і стратэгія разьвіцьця прадпрымальніцтва. Мы будзем прапаноўваць свой закон аб малым і сярэднім бізнэсе. Потым абмяркуем абарону прадпрымальнікаў, якія зазнаюць рэпрэсіі, пагаворым пра нашы дзеяньні 25 сакавіка”.
А.Шумчанка: “Пэрспэктыва” будзе адэкватна рэагаваць на тыя пагрозы, якія на сёньняшні дзень нясуць асобныя ўказы, дэкрэты”.
Паводле Віктара Гарбачова, канфэрэнцыя завершыць фармаваньне новай структуры. Яна мае намер цесна супрацоўнічаць зь іншымі бізнэс-фармаваньнямі, у тым ліку з аб’яднаньнем “Пэрспэктыва”.

“Пэрспэктыва” будзе адэкватна рэагаваць на тыя пагрозы, якія на сёньняшні дзень нясуць асобныя ўказы, дэкрэты”, – зазначыў у інтэрвію лідэр гэтага аб’яднаньня Анатоль Шумчанка.

Сёньня стане вядомым рашэньне Менгарвыканкаму што да заяўкі на правядзеньне 12 сакавіка мітынгу дробных бізнэсоўцаў. Ініцыятарам акцыі выступіла Каардынацыйная рада індывідуальных прадпрымальнікаў.

Паводле прадстаўніка Каардынацыйнай рады Аляксандра Макеева, у панядзелак улады канчаткова вырашаць, ці дазваляць гэты мітынг.

“Мы падалі заяўку, каб правесьці мітынг на плошчы Якуба Коласа, – расказаў Аляксандар Макееў. – Прадпрымальнікі цяпер не баяцца страціць працу. Бо вынішчаюцца групы тавараў. І наперадзе яшчэ чакаецца выхад шэрагу ўказаў і дэкрэтаў супраць прадпрымальнікаў. Мітынг адбудзецца пры “любым надвор’і”.
В.Леванеўскі: “Мы вылучаем і палітычныя патрабаваньні: найперш вызваленьне палітзьняволеных і спыненьне перасьледу па палітычных матывах”.
Аднавіў дзейнасьць страйкам прадпрымальнікаў, якім кіруе былы палітвязень Валеры Леванеўскі. Актывісты страйкаму маюць намер прыняць удзел у акцыі 25 сакавіка.

“Мы вырашылі падтрымаць агульную акцыю, ініцыяваную палітычнымі партыямі і рухамі, – паведаміў Валеры Леванеўскі. – Плянуецца ў нас аднадзённы страйк прадпрымальнікаў. Прычым мы вылучаем і палітычныя патрабаваньні. Гэта найперш вызваленьне палітзьняволеных і спыненьне перасьледу па палітычных матывах. Плюс мы ня згодныя з падвышэньнем камунальных платаў”.
XS
SM
MD
LG