Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалі затрымліваюць дактароў-хабарнікаў


Галіна Абакунчык, Менск Супрацоўнікі праваахоўчых органаў затрымалі лор-доктара менскай паліклінікі № 3. Гэта адбылося падчас перадачы яму вялікай сумы грошай за выпісаны ліст непрацаздольнасьці. У Менску, як і ў шэрагу іншых беларускіх гарадоў, цяпер аб’яўлена эпідэмія грыпу, і сталічныя паліклінікі прымаюць максымальную колькасьць наведнікаў. У сувязі з гэтым міліцыя і пракуратура пачалі спэцыяльны кантроль мэдычных установаў гораду.

Менская паліклініка № 3 – адна з тыповых мэдычных установаў гораду. Разьмешчана ў жылым мікрараёне недалёка ад цэнтру сталіцы, на вуліцы Варанянскага. На уваходзе – абвесткі пра грып, а ў калідорах – звыклыя цяпер чэргі.

Цікаўлюся ў людзей, ці ведаюць што пра хабарніцтва ў мэдычных установах:

Юнак: “Ну, калі хабарніцтвам лічыць шакаладку, то такога вельмі шмат, на кожным кроку ёсьць”.

Юначка: “Вядома, чуць даводзілася, але сама я з гэтым не спатыкалася”.

Карэспандэнтка: “Ці гатовыя вы даць хабар, каб атрымаць, да прыкладу, ліст непрацаздольнасьці?”

Юначка: “Бывалі выпадкі, калі мае знаёмыя давалі, і даволі-такі часта. Але самой неяк не даводзілася”.

Юначка: “Ну, калі толькі шакаладку – са школы яшчэ прывучаныя”.

У прымальні сакратарка паведамляе, што галоўны доктар заняты на курсах. А намесьніцу Валянціну Савілаву ўдалося адшукаць толькі па мабільным.
В.Савілава: “Я ня думаю, што гэта тыповая сытуацыя, што гэта сыстэма працы”.
Таго, што здарылася, яна не адмаўляла. “Пакуль што гэты лекар затрыманы, ідзе сьледзтва і казаць, якое будзе рашэньне, пакуль не выпадае, – сказала Савілава.

Савілава: “Я ня думаю, што гэта тыповая сытуацыя, што гэта сыстэма працы, прынамсі для гэтага доктара. Ён меў першую катэгорыю, гэта дастаткова высокапрафэсійны доктар. А вось чаму ён гэта зрабіў, не магу сказаць”.

Карэспандэнтка: “Што кажуць людзі ў вашым калектыве пра такое здарэньне?”

Савілава: “Абмеркавалі на працоўнай нарадзе. Запрасілі супрацоўніка пракуратуры, і ён нам прачытаў лекцыю. Бо гэта тычыцца новаўведзенага закону аб барацьбе з карупцыяй. Нам далі тлумачэньні гэтага закону. Але я ня думаю, што людзі асуджаюць”.

У гарадзкім упраўленьні ўнутраных справаў былі менш ахвотныя да размоваў і сплянаваную акцыю супраць хабарніцтва ў мэдыцыне пракамэнтаваць адмовіліся. Але адзін з кіраўнікоў, у прыватнасьці, паведаміў:

“Я вам скажу так, што на хабарніцтва хворыя ўсе галіны дзяржаўнай сыстэмы, і выяўляюцца факты дачы хабару ўва ўсіх сфэрах. Пасьля паступленьня такой апэратыўнай інфармацыі і ў выпадку пацьверджаньня такіх фактаў мы іх дакумэнтальна засьведчваем і перадаем у пракуратуру для дачы ім прававой ацэнкі”.

Па зьвестках пракуратуры, толькі ў Міністэрства аховы здароўя цягам мінулага году са скаргамі зьвярнуліся каля 10 тысяч чалавек. У выніку 11 чалавек былі вызвалены ад займаных пасадаў, 155 мэдычных работнікаў атрымалі іншыя спагнаньні. Але ў зьвязку з павелічэньнем колькасьці скаргаў праваахоўнікі мяркуюць, што чыноўнікі ад мэдыцыны звароты грамадзянаў ігнаруюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG