Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: якія краіны могуць даць Беларусі крэдыты?


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага беларускага друку за 5 сакавіка.

Газэта “Белорусы и рынок” прапануе чытачам артыкул Тацяны Манёнак “Устаноўка на прыбытак”. Беларусь шукае шляхі падвышэньня экспарту нафтапрадуктаў. Экспарт прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” летась перавысіў 6 мільярдаў даляраў, прычым у асноўным за кошт экспарту нафтапрадуктаў. Каб сёлета забясьпечыць валютныя паступленьні ад нафтаперапрацоўкі, чыноўнікі заплянавалі стварыць дзяржаўную нафтавую кампанію да 1 ліпеня 2007 году. У канцэрне “Белнафтахім” лічаць, што ў пэрспэктыве беларуская нафтавая кампанія можа ўзяць на сябе вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з пошукам найбольш аптымальных схемаў экспарту нафтапрадуктаў, фрахтаваньня судоў, у тым ліку праз стварэньне сваіх філіяў у краінах-пакупніках.

Уладзімер Тарасаў аналізуе інвэстыцыйную палітыку Беларусі. Якія краіны могуць даць крэдыты Беларусі? Ці атрымае Беларусь паўтара мільярда даляраў ад Расеі праз два месяцы? На якіх умовах Аўстрыя гатовая даць Беларусі мільярд эўра? Адказы на гэтыя пытаньні – на старонках сьвежага нумару газэты “Белорусы и рынок”.

Ці сапраўды ўказ, які дазваляе прадпрымальнікам выкарыстоўваць працу толькі сваякоў, спрыяе прадпрымальніцкай дзейнасьці? Якая пэрспэктыва ўказу № 760, які як ніколі абвастрыў супярэчнасьці паміж уладай і малым бізнэсам? На гэтую тэму газэта “Беларусы и рынок” прапануе чытачам артыкул Сяргея Балыкіна.

“Брестская газета” паведамляе чытачам: яны могуць ганарыцца тым, што берасьцейская гарэлка трэці год запар перамагае ў конкурсах. Як расказаў рэдактар газэты Віктар Марчук, кіраўнік заводу Васіль Бялко атрымаў ужо трэцюю ўзнагароду міжнароднага конкурсу, які праходзіў нядаўна ў Маскве.

Карэспандэнт “БелГазеты” наведаў упраўленьне ўнутраных справаў Маскоўскага раёну Менску. У мінулую сераду, згодна з распараджэньнем кіраўніка менскай міліцыі Анатоля Куляшова, прайшоў дзень адчыненых дзьвярэй. Цягам пяці гадзінаў грамадзяне маглі наведаць раённыя ўпраўленьні міліцыі. Карэспандэнт “БелГазеты” назіраў за экскурсіяй школьнікаў у міліцыі і падзяліўся сваімі ўражаньнямі з чытачамі.

На мінулым тыдні ў інтэрнэце зьявіўся ліст за подпісам віцэ-прм’ера Андрэя Кабякова аб працы з прэсай. Зь ліста вынікае, што выступы дзяржаўных чыноўнікаў у СМІ павінны кантралявацца. За некарэктнае асьвятленьне эканамічных працэсаў чыноўнікаў будуць прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасьці. Да чаго прывядзе гэты заклік да аб’ектыўнасьці? Карэспандэнты “БелГазеты” прапануюць інтэрвію з былым кіраўніком інфармацыйнага ўпраўленьня Саўміну Мікалаем Тоўсьцікам і сябрам праўленьня акцыянэрнага таварыства “ЕЭС России” Андрэем Трапезьнікавым.
XS
SM
MD
LG