Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонсы падзеяў: ад панядзелка да суботы


Вячаслаў Кулік, Менск

У панядзелак, 5 сакавіка, Глыбоцкі райвыканкам вызначыць сваю пазыцыю ў так званай “хлебнай вайне” рэгіёнаў.

Сытуацыю патлумачыў супрацоўнік Глыбоцкага райспажыўсаюзу Іван Локаць: “15 тон хлеба патрэбна ў раёне на дзень. Начальства патрабуе, каб больш прадавалі хлеба мясцовай вытворчасьці. Але хлеб зь Менску лепшай якасьці. Дык вось разгарэлася вайна мясцовага характару за рынкі збыту”.

* * *

У аўторак, 6 сакавіка, Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Бацькаўшчына” падсумуе папярэднія вынікі акцыі пратэсту супраць будаўніцтва на Берасьцейшчыне праваслаўнага сувораўскага храму.

“Да нас далучаюцца новыя арганізацыі, – паведаміла старшыня рады “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская. – Будзем абмяркоўваць іх ініцыятывы. Прапанавалі свае паслугі, паведамілі, што гатовыя далучыцца”.

* * *

У сераду, 7 сакавіка, палітычнага вязьня Аляксандра Казуліна ў калёніі “Віцьба-3” наведае адвакат Ігар Рынкевіч.

“Мы ўжо маем выходзіць на завяршэньне тэксту нагляднай скаргі, якая будзе пададзеная мною ў час асабістага прыёму ў старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы”, – сказаў у інтэрвію нашаму радыё Ігар Рынкевіч.

* * *

Зь пятніцы, 9 сакавіка, у Беларусі ўводзіцца забарона на вольны выгул свойскай птушкі, каб не дапусьціць кантакту зь пералётнай і пазьбегчы рызыкі заражэньня птушыным грыпам.

Арнітоляг Зьміцер Вінчэўскі: “Першыя птушкі ўжо заўважаныя ў Берасьці і каля яго. Гэта кнігаўкі. Калі будзе трымацца цёплае надвор’е, то і іншыя пералётныя пачнуць вяртацца ў Беларусь”.

* * *

У суботу, 10 сакавіка, Каардынацыйная рада індывідуальных прадпрымальнікаў вызначыць магчымыя варыянты арганізацыі мітынгу 12 сакавіка.

“Мітынг – гэта першая акцыя. Мы будзем рабіць пасыл да ўсяго грамадзтва. Галоўная мэта – адмена ўказаў і дэкрэтаў прэзыдэнта, якія не адпавядаюць Канстытуцыі”, – расказаў заяўнік акцыі Аляксандар Макаеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG