Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы праводзілі зіму пад воклічы "Жыве Беларусь!"


Радыё Свабода Аршанскія "маладафронтаўцы" заплянавалі цэлы шэраг акцый пад агульным лёзунгам "Гарачая вясна-2007". Першая зь іх адбылася ўчора, калі ў горадзе праводзілі зіму.

Вось што паведаміў нашаму радыё моладзевы актывіст Сяржук Гумінскі: "Недзе з 16-й да 17-й гадзіны ў Воршы пратрымалася расьцяжка "Малады фронт не спыніць!" Гэта быў першы заклік на знак таго, што "Гарачая вясна" пачалася. І цяпер у Воршы амаль штодня будуць праходзіць якія-небудзь дробныя або нядробныя акцыі. Да прыкладу, ужо сёньня над горадам лунаў бел-чырвон-белы сьцяг. У Воршы адзначалі "Праводзіны зімы", і таму на плошчы сабраліся каля 5-ці тысч чалавек. Калі над імі ўзьняўся бел-чырвон-белы сьцяг, яны гэта ўспрынялі вельмі пазытыўна, і нехта з натоўпу пачаў нават скандаваць "Жыве Беларусь!" Яго падтрымалі, і недзе разоў пяць натоўп гукаў "Жыве Беларусь".

Супрацоўнікам міліцыі, якія дзяжурылі на плошчы каля Палацу культуры льнокамбіната, не ўдалося высачыць, хто і якім чынам выпусьціў у неба нацыянальны сьцяг, прымацаваўшы яго да надзіманых балёнікаў. Міліцыянтам не ўдалося ўпільнаваць таксама й тых, хто ўчора вывесіў расьцяжку над галоўным аршанскім транспартным скрыжаваньні ў цэнтры горада.

На думку "маладафронтаўца" Сержука Гумінскага, галоўны сэнс падобных акцыяў палягае ў тым, каб як мага болей аршанцаў мелі магчымасьць пераканацца, што ў горадзе ёсьць сьмелая і неабыякавая да лёсу краіны моладзь.
XS
SM
MD
LG