Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь у Менску адзначыла 940-я ўгодкі бітвы на Нямізе


Любоў Лунёва, Менск Сёньня а 6-й вечара актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” разам з прадстаўнікамі іншых моладзевых рухаў усклалі кветкі каля станцыі мэтро “Няміга”. Такім чынам яны вырашылі ўшанаваць памяць бітвы на Нямізе, якая адбылася 940 гадоў таму.

Нягледзячы на тое, што ў Менску а палове на шостую пачаўся моцны дождж, моладзевыя актывісты прыйшлі на станцыю Няміга, а адтуль пайшлі шэсьцем у бок Палацу спорту. Кожны ў руках трымаў дзьве белыя і адну чырвоную кветкі, а таксама сьцяжкі з выявай гербу Менску. Моладзь лічыць, што менавіта дату бітвы на Нямізе 940 гадоў таму, пад якой Менск упершыню ўзгадваецца ў летапісу, трэба лічыць днём горада.

Затрыманых пакуль няма, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным ня ўмешваюцца ў акцыю, але ідуць на адлегласьці недзе 100 мэтраў ад калёны моладзі. У акцыі бяруць удзел актывісты незарэгістраванага мін’юстам “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ”, так званага руху “Зубр”, якога ўжо не існуе, і іншых арганізацый. Прысутная толькі моладзь, хаця арганізатары акцыі сьцьвярджаюць, што яны запрашалі некаторых палітыкаў, але нікога зь іх тут няма.





XS
SM
MD
LG