Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Казуліну дазволілі яшчэ месяц не працаваць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму Зьміцер Дашкевіч “ня скардзіцца” замежным дыпляматам на ўмовы ўтрыманьня? Рэжым утрыманьня Аляксандра Казуліна застаецца “адмысловым”. Артур Фінькевіч працягвае завочную вучобу ўва ўнівэрсытэце. Хто наведаў Мікалай Статкевіча адразу пасьля амбасадара Нямеччыны?

Вольга Дашкевіч: адсутнасьць скаргаў з боку сына – дыпляматычны захад

Лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, якога трымаюць у шклоўскай калёніі, наведаў кіраўнік місіі АБСЭ у Менску Окэ Пэтэрсан. Вось што маці вязьня Вольга Дашкевіч распавяла пра тое, як адбывалася гэтая сустрэча, паводле словаў супрацоўнікаў місіі АБСЭ.

“Ні на што ён ня скардзіўся, казаў, што ставяцца да яго добра. Відаць, паважаюць як палітычнага лідэра. Газэты ж чытаюць, лісты да іх даходзяць. Зь ім праблемаў у іх няма”.

Пры гэтым Вольга Дашкевіч нагадала, што раней на сына ў калёніі наклалі тры пакараньні нібыта за парушэньні дысцыпліны. Маці вязьня мяркуе, што адсутнасьць скаргаў з боку сына на абыходжаньне ў калёніі – хутчэй, дыпляматычны захад.

Казулін будзе выходзіць з галадоўкі яшчэ месяц

Пра тое, што Аляксандру Казуліну яшчэ на месяц працягнулі адмысловы рэжым, які спрыяе выхаду з галадоўкі, распавяла дачка палітыка Юля Казуліна.

“Тату прызначаная дыета, ён не працуе, але прысутнічае на ўсіх мерапрыемствах у калёніі”.

Нагадаю, Аляксандр Казулін трымаў палітычную галадоўку цягам 53 дзён і за гэты час схуднеў больш як на 20 кіляграм. Ужо болей за два месяца Аляксандр Казулін знаходзіцца на адмысловым рэжыме для выхаду з галадоўкі.

Артур Фінькевіч: у інтэрнаце магчымасьцяў вучыцца фактычна няма

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, яшчэ летась пачаў вучыцца на палітоляга ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Вучыцца актывіст завочна. Чытае кнігі, выконвае пісьмовыя заданьні, калі знаходзіць сярод працоўнага дня вольны час. У інтэрнаце магчымасьцяў вучыцца фактычна няма, кажа Артур.

“У мяне за вечар тры праверкі, тры! Канешне, можна на невялікі час знайсьці ўнізе, у вэстыбюлі, месца, каб нешта пачытаць. Але пасьля працоўнага дня, калі шчыра, гэта складана”.

У сакавіку Статкевіча ў адпачынак ня пусьцяць

На гэтым тыдні да лідэра сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча прыехаў высокі госьць – нямецкі амбасадар Марцін Гэкер. Нагадаю, Мікалай Статкевіч адбывае два гады “хіміі” ў вёсцы Блонь у Пухавіцкім раёне. Палітык распавёў пра тое, што адбывалася адразу пасьля таго, як спадар Гэкер ад яго зьехаў.

“Адразу пасьля таго, як амбасадар зьехаў, а я пайшоў на працу, прыехалі нейкія людзі ў цывільным. Яны цягам 10 хвілін знаходзіліся ў маім пакоі. Але я праверыў: харчы і падарункі, якія прывёз амбасадар Нямеччыны, ня зьніклі. Каўбас ніхто не зьеў, такім чынам, усё добра...”

Дарэчы, Мікалаю Статкевічу на гэтым тыдні афіцыйна паведамілі, што ў адпачынак у сакавіку яго не адпусьцяць. За апошнія паўгоду “хіміі” Мікалай Статкевіч меў толькі адзін адпачынак.

У Севярынца “ўсё добра”; Садоўская: “Лісты дамоў не даходзяць”

А вось маладзёвы актывіст Павал Севярынец разьлічвае паехаць дадому ў адпачынак 8-11 сакавіка. Актывіст адбывае пакараньне абмежаваньнем волі цягам двух гадоў у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. Маці вязьня спадарыня Тацяна распавяла.

“Учора ў яго хлопцы былі з Наваполацку. Кажуць, усё ў яго добра. Маразы перажыў нармальна, пакой у яго цёплы. Рукавіцы для працы яму справілі новыя”.

Апошняя навіна ад праваабаронцы Кацярыны Садоўскай такая: жанчына скардзіцца, што частка яе лістоў дамоў не даходзіць. Тлумачыць яна гэта турэмнай цэнзурай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG