Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 24.02.2007- 02.03.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Я лічу, што можна ехаць да партнэраў, вельмі важных, толькі тады, калі ў нас ёсьць узгодненая пазыцыя, калі ў нас ёсьць супольны погляд, як далей дзейнічаць. Калі мы сапраўды пры гэтых людзях, у гасьцях, не пачнём спрэчкі. Гэта ж проста сорамна. Спрачацца трэба тут, а ехаць трэба, калі прыйдзеш да кансэнсусу. Трэба ехаць, калі мы маем узгодненую пазыцыю. Сёньня такой няма, і гэта ведаюць усе”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня палітычнай рады – пра прычыны сваёй адмовы ехаць у ЗША ў складзе дэлегацыі прадстаўнікоў апазыцыі.

"Лічу, што такая просьба мае права на існаваньне”.

Герман Грэф, міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі – пра просьбу беларускага ўраду аб крэдыце ў 1.5 мільярда даляраў.

“Я адчуваю сябе эўрапейцам. Калі мне Зянон Пазьняк даў асьвету, то я добра зразумеў, што мы – эўрапейцы”.

Адказ менчука на пытаньне “Свабоды” “Ці лічыце Вы сябе эўрапэйцам?”

“Ёсьць у Расеі даволі вялікая частка людзей, якія лічаць, што апэрацыя “Пераемнік” — гэта зьдзек з народу. Выбіраць трэба ў канкурэнтнай барацьбе — і самага годнага. На пастсавецкай прасторы Лукашэнка зьяўляецца адным з самых выдатных лідэраў”.

Ігар Півавараў, памочнік кіраўніка расейскага руху “Наш кандыдат у прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі ў 2008 годзе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка”.

“Хваліць трэба прыгожую дзяўчыну – за яе прыгажосьць. А калі ты кіраўнік, цябе павінны баяцца”.

Рамзан Кадыраў, новы прэзыдэнт Чачні – у адказ на пытаньне “Свабоды” ці баяцца яго грамадзяне рэспублікі.

“Усе гэтыя патокі інфармацыйнага бруду, падтасаваныя лічбы, прыцягнутыя “за вушы” аргумэнты скіраваныя на стварэньне і замацаваньне ў галовах расейскіх грамадзянаў уяўленьняў аб “беларусах-нахлебніках”, якія жывуць за кошт Расеі”.

Васіль Даўгалёў, пасол Беларусі ў Расеі – пра палітыку расеійскіх СМІ.

“Сувораў — крывавы мясьнік, які ня ўдзельнічаў ні ў адной вызваленчай вайне. Ні ў адной! І званьне “генэралісымус” ён атрымаў за перамогі над беларусамі, над ліцьвінамі, над палякамі. І калі мы будзем увекавечваць такіх, як Сувораў, тады гэта проста канец сьвету”.

Алесь Петрашкевіч, пісьменьнік – пра пляны будаўніцтва ў Кобрыне храму ў гонар Аляксандра Суворава.

“А як ставіць храм-помнік чалавеку, які сам быў акупантам? Яго нельга па-прасьцецкаму абвінавачваць. Ён быў чалавекам Расейскай імпэрыі. Ён быў адданы трону, цару, Айчыне ў іхным разуменьні. Ён верна служыў сваёй дзяржаве, выконваў яе загады і быў бліскучым палкаводцам. Але чым гэта абарочвалася для нас? Ён патапіў у крыві паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Я тут не разумею. Нядаўна на тэлебачаньню паказалі фільм, прысьвечаны Касьцюшку. Не зачыняюць музэй Касьцюшкі, нават адрэстаўравалі яго – я чытаў пра гэта. І тут жа помнік Сувораву. Гэта адлюстраваньне кашы, якая ў мазгах нашай дзяржаўнай ідэалёгіі".

Валянцін Тарас, пісьменьнік – пра пляны будаўніцтва ў Кобрыне храму ў гонар Аляксандра Суворава.

"Сувэрэнітэт Беларусі сёньня найбольш важны. Лукашэнка рана ці позна пойдзе; важна, каб Беларусь засталася незалежнай".

Гедымінас Кіркілас, прэм’ер-міністар Літвы – у інтэрвію бэльгійскаму выданьню "EUobserver".

“У беларускіх сілавых структурах застаецца яшчэ шмат людзей з пракрамлёўскімі настроямі, што робіць яшчэ больш няўтульным становішча Аляксандра Лукашэнкі”.

З артыкулу ў бэльгійскім выданьні “EUobserver”.

“Мы будзем настойваць на забесьпячэньні свабоды там, дзе мы можам настойваць – у такіх месцах, як Куба, Беларусь і Мьянма”.

Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – з выступу на сустрэчы асацыяцыі рэспубліканскіх губэрнатараў штатаў.

“Беспрэцэдэнтны выпадак. І такое адбылося, калі пайшлі вось гэтыя “разборкі” з расейцамі. Калі пачалі палохаць падаражэньнем энэрганосьбітаў, цэмэнту, бэтону і гэтак далей. Гэта ўвогуле ні ў якія рамкі, ні ў якія вароты ня лезе ў параўнаньні зь сярэднім заробкам звычайнага працоўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

Мікалай Прасталупаў, старшыня рады Асацыяцыі беларускай нерухомасьці – пра прычыны імклівага росту коштаў на нерухомасьць у Менску.

“Вось у мяне, дапусьцім, каля я прадавала трохпакаёўку, за паўтара тыдня яна падскочыла ў цане на 8 тысяч даляраў. А адзін з маіх калегаў расказваў: за тры дні ў яго падскочыла кватэра на 10 тысяч!”

Алена Бельская, агент па продажы нерухомасьці – пра імклівы рост цэнаў на кватэры ў Менску.

“Для нас гэта іміджавы ход, і мы мяркуем, што беларуская мова вельмі элітарная, і ёю валодаюць ня ўсе, і тыя, хто валодае, лічаць гэта за вялікі гонар – размаўляць на роднай матчынай мове. Другая прычына, што мы хочам паказаць: мы дзейнічаем лякальна, што мы тут побач з нашымі беларускімі пакупнікамі”.

Алена Ранцевіч, прадстаўніца фірмы “Samsung” у Беларусі – пра рэкляму на беларускай мове.

“Эўропа зразумела, што калі нестабільна будзе ў Беларусі, то нестабільна будзе і ў Эўропе”.

“Падабаецца гэта камусьці ці не, на Захадзе павінны разумець, што вышэй за ўсё – наша дружба з расіянамі. Мы са сьвятым жартаваць ня будзем”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у інтэрвію катарскаму спадарожнікаваму тэлеканалу “Аль-Джазіра”.

“Той склад кангрэсу, які ёсьць сёньня, хутчэй за ўсё прыме рашэньне пра пераарыентацыю беларускіх дэмакратычных сілаў на ўсход. Калі пралічыць, якія будуць там прынятыя рашэньні, — яны будуць не праэўрапейскія, яны могуць быць не пранезалежніцкія”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня палітычнай рады дэмакратычных сілаў – пра кангрэс дэмакратычных сілаў, у якім ён адмовіўся ўдзельнічаць.

"Спадар Крэймэр адназначна сказаў, што іх стаўленьне да дэмакратыі ў Беларусі і да незалежнасьці Беларусі не мяняецца ад вонкавых чыньнікаў, не мяняецца ў сувязі з сытуацыяй у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Ён падкрэсьліў, што Вашынгтон ня будзе дамаўляцца з Масквой паверх галоваў беларусаў, ня будзе ніякіх сэпаратных змоваў наконт лёсу Беларусі”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ – пра гутарку дэлегацыі апазыцыі з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвідам Крэмэрам.

“Расея імкнецца замяніць прасавецкага Лукашэнку прарасейскім лідэрам, які пачаў бы эканамічныя рэформы".

Тарас Кузё, амэрыканскі дасьледчык – у артыкуле “Беларусь супраць Расеі” ў газэце “Kyiv Post”.

“Я палячу туды, куды радзіма накіруе”.

Уладзімер Навумаў, міністар унутраных справаў, якому забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу – пра магчымасьць яго паездкі на канфэрэнцыю ААН у Нью-Ёрку.

“Мы павінны зразумець сур’ёзнасьць праблемы, калі візавы збор у шэнгенскія краіны складае траціну сярэдніх даходаў беларускага насельніцтва. Вядома, мы не зацікаўленыя, каб кантакты з Захадам сталі недасягальнымі для большасьці беларусаў і каб мы такім чынам толькі маглі б узрадаваць Лукашэнку”.

Марылюіза Бэк, дэпутатка нямецкага бундэстагу ад партыі зялёных – пра падвышэньня кошту Шэнгенскай візы для грамадзянаў Беларусі да 60 эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG