Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі змагаюцца з курцамі


Ігар Карней, Менск У Аўстрыі кампанія “Dolphin Technologies” плаціць на сто эўра болей тым, хто ня паліць, чым курыльцам. Лёгіка такога кроку правераная арыфмэтычна: кожны курыльца “пракурвае” у сярэднім 20 гадзін працоўнага часу штомесяц, а таму фізычна ня можа атрымліваць столькі ж, колькі супраціўнікі тытуню.

Кіраўніцтва фірмы перакананае: значная колькасьць людзей адмовіцца ад паленьня, аддаўшы перавагу лішняй сотні эўра. Але той, хто ня вытрымлівае і зноў вяртаецца да шкоднай звычкі, павінен пералічыць прэмію за папярэднія 6 месяцаў на рахунак гуманітарнай арганізацыі.

Кіраўніцтва аўстрыйскага ювэлірнага канцэрну “Swarovski” канстатавала: 10-хвілінная цыгарэтная паўза падчас працоўнага дня ў пераліку на год азначае цэлы працоўны тыдзень. У зьвязку з гэтым супрацоўнікі, якія паляць, мусяць фіксаваць свае паходы ў курылку. Праведзены там час памнажаецца на пэўны каэфіцыент, пасьля чаго курцы застаюцца ў офісе даўжэй, чым іхныя калегі, якія ня паляць.

У падпарадкаваньні генэральнага дырэктара рэклямнага агенцтва “Starcom MediaVest Group Belarus” Пятра Папялушкі паўсотні супрацоўнікаў. Прапорцыя тых, хто паліць і хто не – прыблізна “50 на 50”. І праблема марнаваньня часу ў курылках у думках спадара Папялушкі насамрэч займае немалое месца.

“Мы пра гэта пачалі думаць, рэальна. Пакуль яшчэ “замераў” у аналёгіі са “Swarovski” канкрэтных мы не рабілі, але ў цэлым ацэньвалі страты часу і рабілі высновы: людзі, якія паляць, апроч шкоды здароўя свайму, яшчэ і розны працоўны час задзейнічаюць цягам працоўнага тыдня. Як ні круці, а атрымліваецца, што людзі, якія не паляць, працуюць больш. Адпаведна, чаму б іх не стымуляваць за гэта? Пытаньне толькі ў тым – як гэта зрабіць. Альбо, умоўна кажучы, дадатковых прэмій, што мала рэальна, альбо ў выглядзе нейкіх вылікаў, штрафаў тым, хто паліць. Таму мы сур’ёзна думалі аб тым, як гэта ўвесьці, як гэта арганізаваць. І мы абавязкова да гэтага прыйдзем”.

Генэральны дырэктар выдавецтва “Росчерк” Віталь Вадзюцін кажа, што са шкоднымі звычкамі змагаецца даўно – у прыватнасьці, падчас прыёму на працу аддае перавагу тым, хто ня паліць. Паводле бізнэсоўца, сама праблема мусіць вырашацца на самым высокім узроўні.

“Вытворчасьць працы – раз. Навакольны асяродак – два. Чалавеку, які ня паліць, наўрад ці непрыемна знаходзіцца побач з тым, хто толькі што выйшаў з “курылкі”, трываць гэты нікатынавы пах. Ва ўсялякім выпадку, мы імкнёмся, каб у нас на прадпрыемстве не палілі. Лічу, што гэты момант трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні, каб не было пытаньняў вакол нейкай дыскрымінацыі кшталту “курэц-некурэц”, каб людзі не задавалі потым пытаньняў. Нарэшце, каб было замацавана заканадаўча – прыкладам, таму, хто паліць, можна плаціць меней. Ці не прымаць яго на працу ўвогуле. Ці яшчэ нейкія нюансы. Адным словам, у гэтым пытаньні павінна быць дзяржаўная падтрымка”.

Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, паліць больш за 40% насельніцтва. Ад гэтай колькасьці 64% прыпадае на долю мужчынаў і 20% – на жанчын. 16% падлеткі, якіх статыстыка не падзяляе паводле полавай прыкметы.

З-за хваробаў, зьвязаных з узьдзеяньнем тытуню, у Беларусі штодня памірае каля 40 чалавек. Кожны год ахвярамі заганнай звычкі становяцца 15,5 тысяч грамадзянаў краіны.

Загадчык аддзелу прапаганды здаровага ладу жыцьця Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Андрэй Сякач кажа, што ведамства распрацоўвае ўсё новыя захады ў справе прафіляктыкі паленьня. Перадусім, на пакунку цыгарэтаў будуць займаць усё большую плошчу папераджальныя надпісы пра шкоду паленьня. Да таго ж, зьявяцца розныя лёзунгі, бо традыцыйнае “Мінздраў папярэджвае…” бальшынёй курцоў ужо сур’ёзна не ўспрымаецца. Прапануюцца іншыя варыянты: "Паленьне забівае, "Паленьне вядзе да раку".

Праўда, як кажа спадар Сякач, вытворцы ад такіх плянаў не ў захапленьні.

“Што да цыгарэт, якія трапляюць да нас з той жа Расеі, то мы ідзем па адным шляху, у адным кірунку. Там такія надпісы ўжо ёсьць на пакунках. Расея такі дакумэнт ухваліла. Нашы вытворцы таксама на пакунках робяць надпісы, але тут яны не ўлічылі меркаваньне Міністэрства аховы здароўя. Калі мы прапаноўвалі, што гэтыя надпісы павінны быць заўсёды розныя і зьмяняцца з пэрыядычнасьцю раз на квартал, раз на паўгоду хоць бы, каб вока не прызвычайвалася, то яны прычапіліся да выразу – адзін з надпісаў. І яны, атрымліваецца, юрыдычна гэтыя надпісы могуць проста самі выбіраць. Але ў любым выпадку, лічу, што гэта усё роўна зрух”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG