Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адзін дзень з жыцьця жанчыны: мары і рэальнасьць"


Іна Студзінская, Менск У менскай галерэі “Арс Лонга” адкрылася выстава беларускіх мастакоў “Адзін дзень з жыцьця жанчыны: мары і рэальнасьць”. Вобразы, зьвязаныя з сучаснай эмансіпаванай жанчынай стварылі беларускія мастакі, як вядомыя –Уладзімер Цэсьлер, Сяргей Рымашэўскі, Андрэй Асташоў, Валянцін Губараў, Валер Борзды – гэтак і зусім маладыя.

У жывапісных, скульптурных, графічных творах, інсталяцыях адлюстравана ня толькі незвычайнае ўяўленьне пра жаночае шчасьце, але і перададзенае часам даволі дзіўнае стаўленьне творцы да прыгожай паловы чалавецтва, буйная фантазія. І літаральна ўсё творы прасякнутыя гумарам, тонкай іроніяй і нават сарказмам – менавіта такія крытэры адбору работ на выставу.

Распавядае мастацтвазнаўца Алеся Раманюк.

Раманюк: “Не заўсёды тут працы пра жанчын. І не заўсёды на іх жанчыны, таму што яшчэ ёсьць побыт. Ёсьць натурморты, ёсьць кухонныя сцэнкі, калі жанчына ў працы, калі яна гатуе, калі яна абдымае дзетак, ёсьць дзеткі. Ёсьць творы эратычнага зьместу. Ёсьць усё: і каханьне, і эротыка, і проста побыт, рэчаіснасьць. Ёсьць мары, ёсьць вобразы крыху фантастычныя, нават алегарычныя - розныя...”

Скульптар Валер Борзды прадставіў на выставе вельмі розныя творы – ад вытанчаных, грацыёзных, рамантычных жаночых постацяў да пышнацелых рубэнсаўскіх кабетаў. А ёсьць зусім дзіўныя формы...

Карэспандэнтка: “Выстава прысьвечана жанчыне, сьвяту. Але ў вас такія вострыя абцасы, я б сказала, нават нейкія драпежныя матывы...”

Борзды: “З-за таго, што я ўсё ж такі мужчына мне цікавей працаваць з жаночымі формамі. А вось гэтыя вострыя абцасы, і гэтыя абітыя жалезам, як ў дасьпехах, формы – гэта абарона, але не напад. Тут агрэсіўных форм няма, проста абарона”.

Карэспандэнтка: “А ад каго павінна абараняцца жанчына?”

Борзды: “Гэта мая асабістая праблема, якую я спрабую трансфармаваць праз жаночыя формы. Проста гэта форма, якую я выкарыстоўваю для асацыяцыі. Нельга ўспрымаць літаральна, што я так думаю пра жанчыну”.

На фота скульптар Валеры Борзды













На выставе ладзяцца пэрформансы. Кожная наведніца можа дапамагчы мастаку стварыць свой вобраз, дамаляваць чырвоным маркерам акцэнты. Гледачам дапамагаюць прафэсійныя мастацтвазнаўцы, апавядаюць пра мастакоў, тлумачаць канцэпцыю. Я запыталася ў мастацтвазнаўчы Марыі Карпянковай, якія творы ёй спадабаліся.

“Магчыма, калі ставіцца да гэтага не зусім сур’ёзна, мне падабаюцца работы зь яркім колерам, зь яркімі акцэнтамі, які дораць нам сапраўды сьвяточны настрой, які дапамагае нам над паўсядзённасьцю ўзьняцца. Таксама мне спадабаліся скульптуры – такі незвычайны погляд на жанчыну, якая ня толькі мяккая і лагодная, але і драпежная часам. Вось гэтыя вострыя абцасы, афрыканскія матывы вельмі мне падабаюцца ў ідэі”.

У беларускай сталіцы апошнім часам зьявілася шмат мастацкіх галерэй. І не ўсе ставяць перад сабой толькі камэрцыйныя мэты. Арс Лонга імкнецца адкрываць новыя імёны, паказваць незвычайныя працы, фармаваць густ публікі, якая прыходзіць на выставу. Гаворыць Алеся Раманюк.

Раманюк: “Некаторая публіка падрыхтаваная, некаторая – не. Камусьці дастаткова сказаць, што гэта вядомы мастак, якога прымаюць на Захадзе, і тады яго ахвотна вешаюць на сьцены, ёсьць людзі, якія інтуітыўна знаходзяць працы, якія ім падабаюцца. Ёсьць людзі, якія проста прыходзяць: “ну паглядзім, і скажам сваё “фэ””. Але не заўжды яны пакідаюць кепскія водгукі, часьцей за ўсё і ім нешта падабаецца. Таму што як маладая галерэя, мы ня хочам арыентавацца толькі на камэрцыйных мастакоў. Хочацца проста паказваць узровень беларускага мастацтва, маладога і сталага. Хочацца раскручваць больш маладых мастакоў і дапамагаць ім прабіцца”.

Выстава “Адзін дзень з жыцьця жанчыны: мары і рэальнасьць” праходзіць ў сталічнай галерэі “Арс Лонга” (праспэкт Машэрава, 54, былая вуліца Варвашэні) да 10 сакавіка.





















































XS
SM
MD
LG