Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяцей” уразілі незвычайна сьмешныя кошты”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 28 лютага ў розныя гады мінулага.

Вітаю вас! Вось як выглядаў дзень 28 лютага розных гадоў у публікацыях беларускіх газэтаў.

У 1937 годзе “Віцебскі пролетарый” піша: “На працягу больш трох год Ефімія Сцяпанава займалася падпольнымі абортамі. Зусім няграматная, хворая сіфілісам Сцяпанава беспакарана тварыла свае брудныя і злачынныя “аперацыі”… На працягу кароткага часу яна робіць аборты работніцы фабрыкі імя Лекерта Дзянісавай, санітарцы клінічнай больніцы Карпенка, работніцы арцелі “Канатчык” Гарадзецкай і шмат іншым. Усе яны ў цяжкім становішчы былі накіраваны ў больніцу. Толькі нядаўна быў выкрыт гэты абортны прытон. Сцяпанава арыштавана і на днях адкажа за ўсе свае злачынствы перад народным судом”.

“Ніва” на гэтым тыдні 1957 году адказвае рэдакцыі газэты “Бацькаўшчына”: “Вашу газету атрымоўваем рэгулярна па пошце. Паведамляем вас, што за гэтай “шчыльнай жалезнай заслонай” не глушаць станцыі “Вольная Еўропа”, і кожны, хто толькі мае ахвоту, удоваль можа слухаць “аб’яўленых вамі ідэй”. Адначасова паведамляем, што людзям абрыдлі гэтыя “ідэі”, што яны хочуць жыць у спакоі і згодзе з усімі народамі, нягледзячы на палітычныя сістэмы… Гэтак уважаюць не толькі аб “комуністычнай ментальнасці рэдактары “Нівы”; гэтак уважае кожны сумленны, любячы свой народ беларус”.

У 1997 годзе “Имя” распавядае пра наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам эканамічнага ўнівэрсытэту: “У той дзень у сталоўцы была неверагодная штурханіна. “Любяць дзеці салодкае”, — мог бы падумаць прэзыдэнт з гэтай нагоды. Ды рэч была ў іншым. “Дзяцей” уразілі незвычайна сьмешныя кошты. Дзеля параўнаньня: кекс з разынкамі, які каштаваў 5800, прадаваўся за 1900. Да таго ж, булачкі грэліся ў мікрахвалёвай печцы, якая ўзьнікла немаведама адкуль і там жа зьнікла. Лукашэнка ўжо накіраваўся ў актавую залю, а студэнтаў яшчэ доўга выганялі са сталоўкі”.
XS
SM
MD
LG