Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША супраць Ірану: дыпляматыя ці іншыя сродкі?


Юрась Бушлякоў, Прага Праблема іранскай ядзернай праграмы па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі: тым часам як Рада бясьпекі ААН шукае адказаў на адмову Ірану спыніць узбагачэньне ўрану, Вашынгтон працягвае адстойваць сваё права на самастойную лінію ў адносінах з Тэгеранам. Амэрыканскія ўрадоўцы падкрэсьліваюць, што не выключаюць ніводнага з варыянтаў вырашэньня іранскага крызісу.

Заявы найвышэйшых прадстаўнікоў Вашынгтону даюць падставы для спэкуляцыяў: нанясуць ці не Злучаныя Штаты ўдар па Іране. Пра тое, што ЗША гатовыя на ўсе варыянты ў выпадку далейшых адмоваў Тэгерану ад выкананьня патрабаваньняў ААН, гаварыў нядаўна віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дык Чэйні.

На думку былога пасла ЗША ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Джона Болтана, Тэгеран не павінен недаацэньваць гатовасьці Вашынгтону да разьвязаньня іранскага крызісу:

“Я думаю, калі іранскія ўлады сапраўды зразумеюць, наколькі сур’ёзна Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць выкарыстаньня вайсковай сілы, гэта можа прычыніцца да зьмены іх пазыцыі. Але калі Тэгеран ня думае мяняць сваёй пазыцыі, тады, несумненна, сілавы варыянт з боку Злучаных Штатаў ня выключаны”.

Намякаючы на магчымасьць вайсковай акцыі, Вашынгтон падкрэсьлівае сур’ёзнасьць ядзернага крызісу. Аднак, на думку многіх аналітыкаў, мэтаю такіх дзеяньняў – ня толькі дадатковы ціск на Іран. Адначасна Вашынгтон хоча пераканаць сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў узмацніць дыпляматычныя захады, каб вымусіць Іран саступіць.

Раней Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына – тры краіны, якія падтрымліваюць з Іранам маштабныя гандлёвыя стасункі, – прапанавалі Тэгерану спыніць узбагачэньне ўрану ўзамен за шэраг гандлёвых ды іншых прэфэрэнцыяў. Вашынгтон хацеў бы ад саюзьнікаў цьвярдзейшых захадаў: спыненьня гандлёвых дачыненьняў з Іранам, калі той і надалей ня пойдзе насустрач патрабаваньням ААН.

Томас Валасэк, экспэрт базаванага ў Лёндане Цэнтру эўрапейскай рэформы, сумняваецца ў магчымасьці пераадоленьня значных адрозьненьняў у пазыцыях Вашынгтону і краінаў Эўразьвязу адносна Іраку.

“Ёсьць мяжа, да якой можа ісьці Эўропа, закручваючы гайкі, і гэтая мяжа вельмі, вельмі далёкая адтуль, дзе цяпер знаходзіцца Вашынгтон, – лічыць Валасэк. – Апрача шэрагу адрасных вузкіх санкцыяў, якія вынікаюць з рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, я сапраўды ня бачу прасторы для далейшага ўзмацненьня пазыцыі”.

Тым часам пяць сталых чальцоў Рады бясьпекі ААН і Нямеччына рыхтуюць праект новай рэзалюцыі адносна Ірану. Праект, у прыватнасьці, прадугледжвае абмежаваньне ў паездках за мяжу іранскіх урадоўцаў, адказных за рэалізацыю ядзернай праграмы.
XS
SM
MD
LG