Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасадараў ацэняць паводле здольнасьці гандляваць (абноўлены)


Уладзімір Глод, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі найбольш заклапочанае перавышэньнем імпарту над экспартам беларускіх тавараў за межы краіны. Пра гэта сёньня заявіў міністар Сяргей Мартынаў на паседжаньні калегіі міністэрства, прысьвечанай вынікам замежнаэканамічнай дзейнасьці ў 2006 годзе.

Сальда зьнешнегандлёвага тавараабароту – 1 мільярд на карысьць імпарту

Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, які ўдзельнічаў у паседжаньні, нагадаў: летась адмоўнае сальда замежнагандлёвага абароту Беларусі склала 1 мільярд даляраў.

А сёлета ўрад хоча бачыць вынік балянсу станоўчым — на 500—600 мільёнаў даляраў. Таму дзейнасьць беларускіх дыпляматычных місіяў за мяжой будзе перадусім ацэньвацца лічбамі экспарту ў адпаведныя краіны.

“Палякі патэнцыйна гатовыя набываць складаную тэхніку беларускай вытворчасьці”

Амбасадар у Польшчы Павал Латушка задаволены тым, што за чатыры апошнія гады аб’ём беларускага экспарту павялічыўся ў 3,8 разу — пераважна праз продаж трактароў, аўтобусаў ды іншай складанай тэхнікі.

“Польскі пакупнік патэнцыйна гатовы набываць складаную тэхніку беларускай вытворчасьці. Сёлета мы таксама будзем павялічваць аб’ёмы продажу, прынамсі тэхнікі з “Амкадору”, што можа быць зьвязана з распачатымі інфраструктурнымі праектамі на польскім рынку па будаўніцтве новых дарог”, — кажа беларускі амбасадар у Польшчы Павал Латушка.

“Не заўсёды гэта залежыць ад працы амбасады”

Былы беларускі дыплямат, цяпер выкладчык факультэту міжнародных дачыненьняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Міхаіл Бацян гаворыць, што такі падыход да ацэнкі працы дыпляматаў існаваў і ў ягоны час:

“Я заўсёды гавару студэнтам сваім, што першачарговыя клопаты нашых амбасадаў за мяжой — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і прыцягненьне інвэстыцыяў з-за мяжы. А з другога боку, напэўна, ужо занадта вульгарна гэта выглядае, калі працу амбасады ацэньваюць толькі паводле памеру экспарту. Не заўсёды гэта залежыць ад працы амбасады. Часам і без асаблівага ўдзелу дыпляматаў экспарт павялічваецца. А часам бывае і наадварот — дыпляматы б’юцца як рыба аб лёд, а нічога з гэтага не атрымліваецца”.

М.Марыніч: “Гэта абсалютна нерэальна”

Міхаіл Марыніч, у мінулым міністар замежнаэканамічных сувязяў, амбасадар у Чэхіі, Латвіі ды Фінляндыі, ня бачыць магчымасьцяў зрабіць сёлета балянс замежнага гандлю Беларусі станоўчым:

“Гэта абсалютна нерэальна. Няма ніякай пэрспэктывы. Сёньня прамысловасьць ня ў стане вырашыць гэтых праблемаў, паколькі інвэстыцыяў у яе няма. Зношанасьць асноўных фондаў — катастрафічная, больш за 80%. Дык пра што можна гаварыць? Якую канкурэнцыю можа прадставіць беларуская экспартная прадукцыя?”

На думку спадара Марыніча, велічыня адмоўнага сальда да канца году хутчэй павялічыцца, чым зьменшыцца.



Паводле агенцыі “Інтэрфакс”, у студзені 2007 году Беларусь зноў мела адмоўнае сальда ў замежным гандлі. Яно склала 362,5 мільёна даляраў, супраць станоўчага сальда (36,3 мільёна даляраў) у студзені 2006 году.

XS
SM
MD
LG