Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Вішнеўская


Уладзімер Арлоў, Менск 3.5.1907, Коўна, Літва — 3.5.1989, Пецярбург.

Усё жыцьцё яна марыла пра Беларусь, але так і не адважылася вярнуцца туды, дзе зламалі лёсы большасьці блізкіх людзей, дзе катавалі й расстрэльвалі яе настаўнікаў, сяброў, калегаў...

Натальля Вішнеўская была натураю адоранай і артыстычнай. Ужо ў адзінаццаць гадоў яна кіравала школьным тэатрам. Калі сям’я прыехала пасьля віхураў рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусь, юная Натальля ўжо лічыла сябе паэткай. І насамрэч была ёю, уражваючы аднакурсьнікаў зь Белпэдтэхнікуму сьвежымі фарбамі строфаў, у якіх вынырваў з “залатых хмараў” месяц, адляталі ў вырай “у імглістай белі” журавы, “рассыпаліся каралі журавін у мшыстай далі”. Аднакурсьнікамі гэтымі былі ня хто-небудзь, а Антон Адамовіч, Пятро Глебка, Максім Лужанін... Празь безьліч гадоў у сваіх мэмуарах яны будуць пісаць пра яе,— сьветлавалосую, гожую, па дзіцячых ужо вершаваных кроках прыкмечаную Якубам Коласам.

Натальля ўступіла ў літаратурна-мастацкае аб’яднаньне “Маладняк”, выдала супольны зь Яўгеніяй Пфляўмбаўм і Зінаідай Бандарынай паэтычны зборнік, выйшла замуж за сакратара “Маладняку” Алеся Дудара. Здавалася, шчасьце будзе доўжыцца бясконца. Але яе рука, нібы пад нечую дыктоўку, выводзіла радкі, у якія самой не хацелася верыць — пра жыцьцё, што “ў віхурах дагарыць і згасьне, і сплывуць надзеі воскам у небыцьцё”. Між тым яны, гэтыя радкі, вешчавалі лёс.

У 1928-м за ненадрукаваны верш “Пасеклі наш Край папалам”, які хадзіў у рукапісах, арыштавалі і выслалі на тры гады мужа. Натальлю не друкуюць, не бяруць на працу, змушаюць даведацца, што такое голад. Неўзабаве пераехаўшы ў Маскву, яна назаўсёды пакідае друкавацца.

У расейскай сталіцы Вішнеўская знаёміцца з сваім аднагодкам студэнтам літаратурнага факультэту МДУ беларускім паэтам Алесем Звонакам. “Задуменная, з блакітнымі вачыма і залатымі косамі, паўнаватая і рослая, спакойная і разважлівая Наташа празь некалькі гадоў стала маёй жонкай”,— напіша ён пазьней ўва ўспамінах.

Увосень 1936-га забралі і другога мужа. Паэтку таксама ўзялі ў “распрацоўку”. Пасьля адседкі яна сустрэла маладзенькага турэмнага сьледчага, які шапнуў, каб хутчэй куды-небудзь выязджала, бо рыхтуецца новая хваля арыштаў.

Але яна яшчэ не разьвіталася з надзеямі на ціхае чалавечае шчасьце і, апынуўшыся ў перадваенныя гады ў Ленінградзе, выйшла там замуж за паэта і кінакрытыка Янку Бобрыка. У 1942-м ён памрэ ад блякаднага голаду.

Натальля вернецца пасьля вайны ў Піцер і пражыве яшчэ доўгае жыцьцё: хоць і пакінуўшы творчасьць, будзе працаваць у бібліятэцы, каб быць з кнігамі; выхавае двух прыёмных сыноў — дзятдомаўскіх хлопцаў, якія стануць капітанамі далёкага плаваньня...

“За якія грахі мы трапілі ў гэты страшны млын?! І як жа стала магчыма на ўвесь голас сказаць пра гэта?” — пісала яна пры канцы 1980-х Сяргею Грахоўскаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG