Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За шэнгенскую візу беларусы плацяць болей за ўкраінцаў і расейцаў


Радыё Свабода Дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі зялёных Марылюіза Бэк перакананая, што “непрымальныя для большасьці беларусаў” консульскія зборы на 60 эўра “ёсьць найлепшым падарункам беларускаму рэжыму”. Марылюіза Бэк адной зь першых нямецкіх парлямэнтароў ініцыявала пытаньне пра зьніжэньне візавых коштаў у Беларусі.

Пры канцы студзеня ў часе свайго апошняга візыту ў Менск разам з генэральным сакратаром нямецкага Хрысьціянска-дэмакратычнага Саюзу (ХДС) Рональдам Пофалам Марылюіза Бэк ўважліва вывучала магчымасьці разьвіцьця заходніх кантактаў для беларускіх грамадзянаў.

Па вяртаньні на радзіму спадарыня Бэк у інтэрвію бэрлінскай “Tagesspiegel” заявіла, што Нямеччына павінна зьнізіць памер консульскіх збораў для беларусаў ды трымацца прыкладу Францыі, якая выдае бясплатныя візы ўсім беларускім грамадзянам, якія не дасягнулі 25 гадоў.

У размове са “Свабодай” нямецкая дэпутатка паведаміла, што актыўна лабіюе гэтае пытаньне сярод калегаў-дэпутатаў, аднак каб вынесьці яго на парадак дня аднаго з парлямэнцкіх паседжаньняў, неабходная падтрымка іншых фракцыяў. Спадарыня Бэк не гатовая пакуль сказаць, калі адбудзецца падобнае паседжаньне.

Бэк: “Магу сказаць, што з боку кіроўных хрысьціянскіх дэмакратаў назіраецца пэўны прагрэс. Хацелася б бачыць адпаведныя зрухі й з боку іншых фракцыяў. Мы павінны зразумець сур’ёзнасьць праблемы, калі візавы збор у шэнгенскія краіны складае траціну сярэдніх даходаў беларускага насельніцтва. Вядома, мы не зацікаўленыя, каб кантакты з Захадам сталі недасягальнымі для большасьці беларусаў і каб мы такім чынам толькі маглі б узрадаваць Лукашэнку”.

Паводле Марылюізы Бэк, апошняе падвышэньне консульскіх збораў выклікана дадатковымі выдаткамі пры пераходзе на біямэтрычную сыстэму.

Бэк: “Я цяпер актыўна прасоўваю сярод дэпутатаў прапанову, каб консульскія зборы ўсё ж былі зьніжаныя для беларусаў. Аднак, пры гэтым я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, што ў кіраўніцтва краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, кшталту Беларусі, Расеі, Украіны была магчымасьць хадайнічаць пра зьніжэньне візавых коштаў для сваіх грамадзянаў. Адрозна ад Беларусі, яе суседзі скарысталіся падобнай магчымасьцю. Напрыклад, тыя ж украінскія грамадзяне плацяць за шэнгенскую візу 35 эўра, як і раней. Менск гэтага, аднак, не зрабіў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG